Vitali Tsyhankou
Quick Facts
Biography
Віта́ль Аляксе́евіч Цыганко́ў (нар. 22 кастрычніка 1969, Мінск) — беларускі журналіст, сузаснавальнік беларускага інфармацыйнага агенцтва «БелаПАН».
Біяграфія
Віталь Аляксеевіч Цыганкоў нарадзіўся ў сям’і савецкага і беларускага дзяржаўнага дзеяча Аляксея Гаўрылавіча Цыганкова і выкладчыцы гандлёвага тэхнікума Галіны Цімафееўны Цыганковай. Фактычным месцам нараджэння з’яўляўся горад Шчучын, куды маці прыехала да сваіх бацькоў, аднак па яе ініцыятыве афіцыйная рэгістрацыя нараджэння адбылася ў Мінску.
Віталь Цыганкоў скончыў сярэднюю школу горада Мінска № 51. У 1986 г. паступіў на факультэт журналістыкі БДУ, вучоба на якім была часова перапынена прызывам на тэрміновую ваенную службу (праходзіў яе ў горадзе Тарту ў ЭССР).
Па заканчэнні ўніверсітэта працаваў у газеце «Знамя Юности» (бел.: Сцяг Юнацтва). У канцы 1991 г. сумесна з Алесем Ліпаем заснаваў «БелаПАН» (першае недзяржаўнае агенцтва навін у Беларусі), дзе працаваў намеснікам дырэктара на працягу года. Пасля гэтага Віталь Цыганкоў выконваў журналісцкую працу ў палітычным аддзеле газеты «Звязда». З 1994 г. пачаў паралельна супрацоўнічаць з беларускай службай Радыё «Свабода». У тым жа годзе стаў першым у Беларусі карэспандэнтам «Associated Press». У 1995 г. перайшоў са «Звязды» ў газету «Свабода», дзе працаваў да 1997 г. З 1992 г. па 1996 г. быў карэспандэнтам расійскай «Независимой газеты» (бел.: Незалежная газета). Пэўны час супрацоўнічаў з японскім інфармацыйным агенцтвам «Jiji Press». З 1997 г. па 1999 г. і з 2003 г. па 2007 г. жыў у Празе, працуючы ў сядзібе радыёстанцыі «Свабода».
Асабістае жыццё
Жонка, Вольга Валер’еўна Цыганкова (дачка Валерыя Астапава — першага ў гісторыі незалежнай Беларусі міністра па надзвычайных сітуацыях), працуе ўрачом. Пара мае сына Багуслава.
Віталь Цыганкоў мае I разрад па шахматах.
Прэміі і ўзнагароды
- Лаўрэат першай у гісторыі прэміі імя Алеся Адамовіча ў намінацыі «Газетная публіцыстыка» (1995)
- Прэмія «Вольнае слова» грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (2007)
- Прэмія «Вольнае слова» грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (2008)
- Прэмія «Вольнае слова» грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (2016)