Tamara Barsook
Quick Facts
Biography
Тамара Лагун (дзявочае Барсук) (26 сакавіка 1929 — ?) — дзяячка беларускага нацыянальнага супраціву, сябра глыбоцкай групы беларускай моладзевай падпольнай паваеннай арганізацыі Саюз беларускіх патрыётаў (СБП). Сястра Ларысы Барсук і Алены Барсук.
Біяграфія
Нарадзілася 26 сакавіка 1929 г. у в. Барсукі (Віленскае ваяводства, Польская Рэспубліка). У 1939—1944 вучылася ў Шкунціцкай школе, а ўвосень 1944 г. пайшла ў 9 клас Глыбоцкай СШ № 1. У 1946 г. праз навучэнку школы Лідзію Несцяровіч далучылася да нелегальнай беларускай арганізацыі «За Беларусь», якая пазней улілася да Саюза беларускіх патрыётаў: студэнты вырашылі папулярызаваць беларускую мову і культуру, ідэю незалежнасці Беларусі. Пазней Тамара Барсук успамінала: «Як я зразумела, якіх-небудзь радыкальных, рэвалюцыйных мэтаў у СБП не ставілі. Хацелі адстойваць сваё права на родную мову, на сваю гісторыю, культуру, на сапраўды суверэнную дзяржаву».
У лютым 1947 года савецкія спецслужбы пачалі арышты ўдзельнікаў арганізацыі: да пастаўскай групы ўвайшоў афіцэр МДБ Алег Стахоўскі, які падштурхоўваў да тэрарызму, выдаваўшы сябе за ўдзельніка антысавецкай арганізацыі. Тамара Барсук была арыштаваная ў сакавіку 1947 г. падчас заняткаў у школе. Супрацоўнікі савецкіх спецслужб учынілі ператрус на кватэры, дзе яна жыла. Тамара была дастаўленая ў мінскую турму, дзе адсядзела тры месяцы і дзе да яе неаднаразова ўжываліся фізічныя меры ўздзеяння. Была асуджаная 20 чэрвеня 1947 паводле артыкула 163 КК БССР на тры гады пазбаўлення волі. Пра гэтае яна ўспамінала так: «...маё сэрца балела за Бацькаўшчыну, забраную, зняволеную, пакінутую без мовы, без гісторыі, без усяго, што даецца Богам, лёсам кожнаму народу». Пакаранне адбывала ў Архангельску, Дудзінцы, Нарыльску.
Пасля вызвалення ўвесну 1950 г. вярнулася ў Глыбокае, працягнула вучобу ў СШ № 1. У паступленні ў Горацкую БСГА (Горацкая сельскагаспадарчая акадэмія) было адмоўлена па прычыне нядобранадзейнасці. Скончыла завочнае аддзяленне Віцебскага педінстытугу, выкладала ў пачатковай школе ў вёсцы Шчумялі Шаркоўшчынскага раёна Віцебскай вобласці У 1953 г. пабралася шлюбам з Іванам Лагуном. Сям'я ў 1958 г. пераехала ў Глыбокае. Да выхаду на пенсію ў 1991 г. працавала настаўніцай у СШ № 2 Глыбокага.
Зноскі
Спасылкі
- Біяграфія Тамары Барсук на старонцы Леаніда Маракова
Літаратура
- Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 20, 89, 283, 317-327, 340.
- Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3.
Гл. таксама
- Саюз беларускіх патрыётаў