peoplepill id: stefan-sapieha
SS
Lithuania
3 views today
3 views this week
The basics

Quick Facts

Places
Gender
Male
Death
Family
Spouse:
(1550-1561)
Positions
dworzanin hospodarski
(1559-)
The details (from wikipedia)

Biography

Сцяпан Янушавіч Сапега (да 1514 — красавік-снежань 1561) — вялікалітоўскі арыстакрат, дваранін гаспадарскі (зг. 1559).

З чарэйска-ружанскай лініі Сапегаў, трэці сын Януша Багданавіча Сапегі і Ганны Крошынскай, у сям’і было яшчэ тры сыны — старэйшыя Глеб, Дзмітр, малодшы Міхаіл, і дзве дачкі — Таццяна і Настасся.

Пасля смерці Януша Сапегі каля 1530 года, сыны пэўны час дзейнічалі супольна. У 1532 годзе яны разам атрымалі судовы ліст па скарзе на закладанне каралевай Бонай мястэчка каля іх дзедзічнага маёнтка Лунна. А 15 кастрычніка 1533 года разглядалася скарга нейкага конюха Алешкі і яго сына Андрэя на крыўды ад ўсіх разам братоў Сапегаў. Аднак потым згоды паміж братамі не было. Урэшце, 25 мая 1541 года Глеб Янушавіч з прычыны варожых адносін паміж братамі ініцыяваў палюбоўны і роўны падзел бацькоўскай і матчынай спадчыны. У выніку Глеб, Дзмітр, Сцяпан і Міхаіл, разам з сёстрамі, падзялілі на шэсць роўных частак маёнткі Лунна[-Чарлёна], Свіслач і Вайкелішкі з фальваркамі. На часткі, якая каму дастанецца, яны кідалі жэрабя.

Падзел не задаволіў і не супакоіў братоў, пагатоў быў не поўны і не канчатковы, не падзелены застаўся маёнтак Лунна-Чарлёна, а таксама «людзі», на думку Сапегаў, прысвоеныя каралевай Бонай. Судовыя спрэчкі і наезды паміж братамі цягнуліся амаль 20 гадоў. У 1552 годзе Андрэй Мацковіч ад імя сваёй маці і айчыма Сцяпана Сапегі скардзіўся на Дзмітра Сапегу за наезд на іх дзедзіцтва Лунна і забранне адтуль «лістоў».

На пачатку 1554 года памёр малодшы з братоў — Міхаіл, сваю частку спадчынных маёнткаў ён запісаў у вена жонцы Марыне Яцкаўне Быстрыцкай, а тая памянялася Луннам[-Чарлёнай] на іншы маёнтак са сваім братам Мацвеем Яцкавічам Быстрыцкім, каморнікам вялікага князя. З менай не пагадзіліся Сапегі, асабліва Дзмітр і Сцяпан. Напэўна, лічылі сябе першачарговымі нашчадкамі Лунна-Чарлёны і не хацелі каб маёнтак «аддаляўся» ад роду. Дзеянні іх былі агрэсіўнымі, удзел старэйшага брата Глеба не згадваецца, але ён мог быць натхняльнікам малодшых.

Сцяпан Сапега захапіў долю памерлага Міхаіла і праз гэтага меў 20 ліпеня 1554 года судовую справу па скарзе Быстрыцкага. Суд у выніку прызначыў Сцяпану прысягнуць, што ён не рабіў шкоды маёнтку Міхайлавай удавы і ёй самой. Сцяпан адмаўляўся, на трэцім тэрміне засведчыў, што прысягаць і надалей адмаўляецца, але згодны мірыцца з панам Быстрыцкім. Восенню 1555 года ў Быстрыцкага здарыўся канфлікт і з Дзмітром Сапегам.

Налета, у 1556 годзе канфлікт Быстрыцкага з Дзмітром і Сцяпанам разам яшчэ болей абвастрыўся. Паводле скаргі Быстрыцкага ад 13 ліпеня 1556 года, на пачатку месяца Дзмітр і Сцяпан са шваграмі Гаўрылам Тышковічам і Жданам Словікам, са слугамі і падданымі колькасцю каля 300 чалавек «яко один посторонный неприятель», наехалі на яго Чарлёнскі маёнтак, парабавалі і нарабілі шкоды на 3000 коп грошаў і абвясцілі, што цяпер яго Чарлёнскі двор належыць ім.

Намеры Дзмітра і Сцяпана выгнаць Быстрыцкага з Чарлёны былі вельмі сур’ёзны, што выявілася ў стаўленні братоў да гаспадарскага камісара. Пра гэта 29 ліпеня 1556 года земскім суддзям гарадзенскім Пятру Міцуту і Мікалаю Шымкавічу Талочку паведаміў гаспадарскі дваранін Ян Васілевіч Клікоўскі, пасланы каралём разглядаць скаргі Быстрыцкага на Сапегаў, вярнуць нарабаванае і навесці парадак. Паводле Быстрыцкага, нарабаваная маёмасць знаходзілася на Чарлёнскім двары Сцяпана Сапегі. Камісар Клікоўскі прыехаў туды з віжамі і іншымі службовымі асобамі, але браты Сапегі закрыліся ў святліцы высокага дома Сцяпана і не адзываліся на патрабаванні адкрыць і выслухаць волю вялікага князя.

Клікоўскі з Быстрыцкім самі пачалі шукаць нарабаванае, знайшлі большасць — каня, зброю, ювелірныя вырабы, адзенне, пасцель, прыватную і службовую перапіску, знайшліся таксама слугі і падданыя Чарлёнскага маёнтка Быстрыцкага. Калі Клікоўскі спрабаваў абвінаваціць Сапегаў у нападзе і рабаванні, яны з вокнаў пачалі страляць па ім і яго людзях з «ручніц» (ручной агнястрэльнай зброі) і лукаў, потым Сцяпан са слугамі выскачыў з дома і пагнаў камісараў, сярод іх былі параненыя, яны ледзь здолелі ўцячы. У 1556 годзе такім чынам Дзмітр і Сцяпан захапілі долю Чарлёны ў Быстрыцкага. Прымірыліся браты Сапегі з Быстрыцкім у лістападзе 1557 года, Сцяпан заплаціў яму 12 коп грошаў, а Быстрыцкі ад імя сястры і «людзей Лунненскіх» адмовіўся ад прэтэнзій на чарлёнскую долю па Міхаіле Сапегу.

Нягледзячы на супольныя акцыі супраць Быстрыцкага, браты не жылі ў згодзе праз напружаныя спрэчкі за непадзеленыя Чарлёну і Лунна. У кастрычніку 1555 года Сцяпан скардзіўся на Дзмітра за наезд і выгнанне яго з жонкай і пасынкам Багданам Мацковічам з іх часткі маёнтка Лунны-Чарлёны. Вясной 1556 года ўжо Дзмітр скардзіўся гаспадарскаму суду, што брат Сцяпан увесь двор Чарлёнскі «захамаваў» і дакументы папаліў. У 1556 годзе, 18 ліпеня складзена і 15 снежня запісана да кніг Метрыкі ўмова вечнай згоды паміж Дзмітром і Сцяпанам Сапегамі. Паводле ўмовы Дзмітр саступіў Сцяпану правы на сваю долю ў маёнтках Лунна, Чарлёна, Астроўна, Тухачова, Берашнікі ў выпадку смерці без нашчадкаў. Дзмітр, Сцяпан і Глеб, павінны былі сумесна трымаць свае часткі ў Лунна і Чарлёне да канчатковага падзелу паміж сабою. Нованабытыя маёнткі, багацці і збожжа браты абавязаліся дзяліць пароўну. Таксама Дзмітр абяцаў дапамагчы Сцяпану выплаціць суму за закладзены ім маёнтак Вайкілішкі.

Умовы аднак трымаліся нядоўга, 7 лістапада 1557 года Сцяпан скардзіўся гарадзенскаму земскаму суду, што Дзмітр не выконвае іх. Больш за тое, калі Сцяпан быў на дзяржаўнай службе, прыставам у татарскіх паслоў, Дзмітр аднаасобна забраў з Лунна-Чарлёны сёлетняе збожжа, 60 бочак солі і падаткі, якімі браты мусілі карыстацца супольна. Дзмітр збіў і прагнаў з Чарлёнскага двара ўраднікаў Сцяпана. Дзмітр адмовіўся адказваць перад земскімі суддзямі, матываваў тым, што справу можа судзіць толькі гаспадарская камісія. Тады ж у лістападзе 1557 года ужо Дзмітр скардзіўся на Сцяпана, адносіны паміж імі абвастраліся. У 1558 годзе Дзмітр заклаў, а потым памяняў на маёнткі «на Русі», сваю частку Чарлёны падляшскаму ваяводзічу Паўлу Сапегу, напэўна, гэта яшчэ болей раззлавала Сцяпана, бо маёнтак быў не падзелены, летам 1559 года ён арганізаваў наезд на Чарлёнскі маёнтак ужо Паўла Сапегі.

Урэшце, 9 сакавіка 1561 года, у нядзелю, Дзмітр з сябрамі прыехаў на абед да супольнага двара Лунна, а 10 сакавіка яму паведамілі, што едзе Сцяпан з вялікай колькасцю людзей і хоча яго забіць, Дзмітр нават паспеў спавядацца, бо меў благія прадчуванні. Сцяпан аблажыў дом і патрабаваў, каб Дзмітр выйшаў, загадаў прынесці агню і пагражаў падпаліць дом, называў брата «нешляхетнікам». Дзмітр выйшаў і браты схапіліся «за горла» (у сучасным разуменні «біліся на жыццё або смерць»). Сцяпан, не адольваючы брата, крыкнуў слугам, каб яны дапамаглі, тыя кінуліся з кіямі, дугамі, сякерамі, хто з чым быў, і забілі Дзмітра. Таксама ў бойцы загінулі тры дзмітравых слугі і шляхціч Сасноўскі. Цела Дзмітра пахавалі каля сцяны царквы Лунненскага двара Сапегаў.

Потым, 11 сакавіка 1561 года, Сцяпан заявіў перад земскімі суддзямі гарадзенскімі Пятром Міцутам і Мікалаем Талочкам, што Дзмітр са сваімі людзьмі наехаў і рабаваў яго двор Лунна, ратуючыся ён загадаў сваім слугам бараніцца і ў баі Дзмітр загінуў. Суддзі выслалі на месца віжа Гарадзенскага павета Станіслава Станцікевіча, які выслухаў і запісаў у земскія кнігі версію Сцяпана і яго слуг. Неўзабаве пра здарэнне даведаўся і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст, версія Сцяпана яго не пераканала, ужо 29 сакавіка 1561 года ён прыслаў да суддзяў земскіх гарадзенскіх свайго двараніна Дзмітрыя Фёдаравіча Сапегу (стрыечнага брата Дзмітра і Сцяпана Янушавічаў), каб правесці следства.

Сцяпана шукалі ў яго маёнтку Лунна, але ён хаваўся ў суседа — гаспадарскага двараніна Станіслава Шостака, а потым збег у Вільню. Былі знойдзены рэчы і коні Дзмітра, забраныя Сцяпанам, а таксама рэчы Сцяпана. Каралеўскія камісары ўсё апячаталі і загадалі жонцы Шостака нікому не аддаваць ні з якой прычыны без спецыяльнага дазволу, а таксама з’яўляцца перад суддзямі пры патрэбе. Таксама праз Аўдоццю Шостак камісія перадала Сцяпану копію каралеўскага дэкрэта пра яго з’яўленне перад вялікакняжацкім судом да 15 красавіка 1561 года.

На час следства Дзмітрый Фёдаравіч Сапега ўзяў часовае кіраванне супольным маёнткам братоў Лунна. Камісія апытала сапежынскага праваслаўнага святара з Лунна Ігната Кузміча, баярына Грына Кулевіча Варыводу, цівуна Астапка Скубяціча і іншых людзей, якія самі сышліся. Такім чынам сталі вядомыя акалічнасці забойства. Была праведзена эксгумацыя, адзін з камісараў, каралеўскі дваранін Цімафей Ардынец, і сведкі «старана людзі добрыя» зафіксавалі, што ад збіцця ў Дзмітра выпалі вочы, справа верху галавы ўбітая ўнутр тупая рана шырынёю з далонь са здзёртай скурай, у іншым месцы галавы рана сякерай з якой выцякае мозг, множныя раны са здзёртай скурай на тулаве, руках і нагах, косткі ў іх раздробленыя. Злачынства мела шырокі грамадскі рэзананс, прычынілася змены земскіх суддзяў Гарадзенскага павета, а таксама агульнай рэформы земскіх судоў.

Неўзабаве па забойстве брата памёр і сам Сцяпан Сапега, бяздзетным — у 1561 годзе ўжо названы нябожчыкам у справе княгіні Настассі Іванаўны Масальскай. Тастаментам Сцяпан Сапега запісаў сваёй жонцы Багдане Юр’еўне трэцюю частку ўсіх сваіх маёнткаў і застаўныя сумы на астатніх дзвюх частках. Сцяпанава ўдава сваім тастаментам у 1562 годзе аддала ўсё гэта свайму сыну ад першага шлюбу Андрэю Мацковічу, які пазней меў справы за ўладанне Луннам са стрыечнымі братамі луненска-чарлёнскіх Сапегаў — падляшскімі ваяводзічамі Міхаілам і Паўлам Іванавічамі Сапегамі.

Зноскі

Літаратура

  • Семянчук Г. М. Чарлёна — двор Сапегаў над Нёманам у XVI—XVII стст. // Магнацкі двор і сацыяльнае ўзаемадзеянне (XV—XVIII стст.) : зборнік навуковых прац / Установа "Музей «Замкавы комплекс „Мір“»"; пад рэд. А. М. Янушкевіча. — Мн.: Медысонт, 2014. — С. 372—394.
  • Шаланда А. Дарэформенны земскі суд Гарадзенскага павета ў 1562—1564 гг. // Гарадзенскі палімпсест. 2010. Дзяржаўныя і сацыяльныя структуры. XVІ—XX ст. / Пад рэд. А. Ф. Смаленчука, Н. У. Сліж. — Мінск : Зміцер Колас, 2011. — 502 с. : іл. — ISBN 978-985-6992-08-0 — С. 45-56.
The contents of this page are sourced from Wikipedia article. The contents are available under the CC BY-SA 4.0 license.
Lists
Stefan Sapieha is in following lists
comments so far.
Comments
From our partners
Sponsored
Stefan Sapieha
arrow-left arrow-right instagram whatsapp myspace quora soundcloud spotify tumblr vk website youtube pandora tunein iheart itunes