Kazimir Chrščanovič
Quick Facts
Biography
Казімір-Вікенцій Мельхіёравіч Хршчановіч (1794, маёнт. Бястроск, Докшыцкі раён — 8 мая 1871) — беларускі архітэктар. Мінскі губернскі архітэктар, вядомы як аўтар многіх значных будынкаў Мінска.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і патомных дваран ў маёнтку Бястроск недалёка ад вёскі Шунеўка Докшыцкага раёна. У 1813 паступіў у Віленскі ўніверсітэт, пасля заканчэння вучобы ў 1819 годзе атрымаў навуковую ступень кандыдата філасофіі і некалькі гадоў займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. У сакавіку 1824 быў прызначаны памочнікам універсітэцкага архітэктара. Пасля здачы дадатковых экзаменаў у маі 1825 атрымаў дыплом архітэктара.
13 кастрычніка 1825 года К.-В. Хршчановіч быў прызначаны мінскім губернскім архітэктарам, на пасадзе якога праслужыў амаль 40 гадоў (у адстаўку выйшаў у 1863). У 1836 узведзены ў ранг тытулярнага саветніка.
Меў сына Льва (1838—1907), таксама архітэктара.
Творчасць
Найбольш значныя работы ў Мінску: будынак Прысутных месцаў на рагу пл. Свабоды і вул. Інтэрнацыянальнай (1852; з Л. Садоўскім), будынак вайсковага шпіталя, будынкі гарадской бальніцы (1840-я г.), будынак Мінскай мужчынскай гімназіі , губернатарскі дом (канец 1830-х г.). Аўтар праектаў: у Мінску — ратушы (1825), жылога дома Аксельрода (1844), адміністрацыйных устаноў (1847, 1852,1853, 1857) і інш.; у Барысаве — адміністрацыйных устаноў (1843); у Пінску — жылога дома А. Ліпко (1847) і інш.
Разам з Міхаілам Чахоўскім кіраваў будаўніцтвам Пішчалаўскага замка.
У 1847 годзе К. Хршчановіч садзейнічаў узвядзенню царквы Марыі Магдаліны ў Мінску.
У 1850-я гады спраектаваў новы комплекс архірэйскага падвор’я. Прымаў удзел у рэканструкцыі Марыінскага касцёла.
У 1857 годзе на рагу вуліц Падгорнай і Скобелеўскай — сучасныя вуліцы К. Маркса і Чырвонаармейская пабудаваны Дом Гаўсмана. Разбураны ў канцы 1930-х гадоў пры будаўніцтве будынка ЦК КПБ.
У 1870 стварыў Аляксандраўскі сквер.
Зноскі
- ↑ Казимир Хрщанович (руск.)
- ↑ Хршчановіч Казімір Мельхіёравіч // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- ↑ Турэмныя вежы ня вытрымалі
- ↑ Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 333. — 431 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
- ↑ Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
- ↑ Дойлідства Беларусі. Частка 4 (Л-МЕНСК. МЕХАНІЧНЫ ЗАВОД)
Літаратура
- Хршчановіч Казімір Мельхіёравіч // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Чарнатаў В. М. Хршчановіч Казімір // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — С. 66. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17), ISBN 985-11-0035-8.
- Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 745. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
- Казимир Хрщанович (руск.)