Iryna Dryha
Quick Facts
Biography
Ірына Уладзіміраўна Дрыга (руск.: Ирина Владимировна Дрига; нар. 9 снежня 1970, Мінск) — дзяячка рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. З 2010-х гадоў адказвае за цэнзуру і рэпрэсіі ў сферы культуры Беларусі. Кандыдатка педагагічных навук (1998).
Біяграфія
Раннія гады
Скончыла ў 1992 годзе Мінскі інстытут культуры. У 1992—1999 гадах працавала лабаранткай кафедры бібліятэказнаўства, была аспіранткай кафедры бібліяграфіі і дакументазнаўства, затым выкладчыцай кафедры бібліяграфіі і дакументазнаўства Беларускага ўніверсітэта культуры. Абараніла ў 1998 годзе дысертацыю па педагогіцы «Сістэма бібліяграфічнай інфармацыі па мастацтве ў Рэспубліцы Беларусь: тэарэтыка-метадычныя праблемы».
Дзяржаўны функцыянер
З 1999 года функцыянер у сферы ідэалогіі пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 1999—2014 гадах — вядучы спецыяліст, галоўны спецыяліст аддзела аналізу працы сродкаў масавай інфармацыі інфармацыйна-аналітычнага кіравання, саветнік-кансультант упраўлення аналізу працы сродкаў масавай інфармацыі Галоўнага ўпраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі; галоўны саветнік упраўлення інфармацыйнай і сацыяльна-культурнай палітыкі галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення, а потым і начальнік упраўлення інфармацыйнай і сацыяльна-культурнай палітыкі галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення сацыяльна-культурнай палітыкі галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
У 2011 годзе склала «чорны спіс» беларускіх музыкаў, якім забараняліся канцэрты ў Беларусі, выступы на радыё і тэлебачанні.
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 мая 2014 года № 407 прызначана першым намеснікам Міністра культуры Рэспублікі Беларусь. Падчас працы на пасадзе ўласна займалася цэнзурай п’ес і спектакляў на сцэнах беларускіх тэатраў. Пры яе падтрымцы Міністэрства культуры маніпулявала з вынікамі конкурсаў на размеркаванне дзяржаўнай падтрымкі ў вобласці культуры.
У снежні 2014 года падпісала пастанову, якая змяніла граніцы ахоўнай зоны мемарыяла «Курапаты», праз што пазней каля гэтага месца, дзе ў сталінскія часы расстрэльвалі людзей, скандальна з’явіўся рэстаран «Поедем поедим».
У канцы кастрычніка 2018 года перад пачаткам кінафестывалю «Лістапад» стала вядома, што ягоная дырэкцыя не будзе браць удзел у выбары фільмаў для нацыянальнага конкурсу, а канчатковае рашэнне застаецца за камісіяй, на чале якой — першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга. Пазіцыю камісіі Дрыга растлумачыла тым, што нацыянальны конкурс для кінасуполкі з’яўляецца адным з самых галоўных, таму вырашана было пашырыць спектр асоб, якія будуць займацца адборам. Кінасупольнасць успрыняла новаўвядзенне як спробу цэнзуры. Камісія не дапусціла на фестываль працы рэжысёраў Андрэя Кудзіненкі, Андрэя Куцілы, а таксама альманах Мікіты Лаўрэцкага і Юліі Шатун. Узнікла небяспека, што такое ўмяшанне можа паўплываць на акрэдытацыю «Лістапада» ў Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў FIAPF. У выніку стваральнікі дзвюх карцін знялі фільмы з конкурсу, а кінакрытык Андрэй Расінскі заклікаў кінематаграфістаў не пускаць фільмы на фестываль, пакуль Ірына Дрыга не будзе звольнена. Выказалі сваю пазіцыю і міжнародныя госці фестывалю: асуджэнне ў бок чыноўніцы Дрыгі прагучала са сцэны з вуснаў журы ФІПРЭСІ. У лістападзе 2018 года звольнена з пасады намесніка Міністра культуры. Па звальненні засталася працаваць у Міністэрстве, на студзень 2019 года займала пасаду начальніка галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы.
Пасля 2020 года
Пасля пачатку палітычнага крызісу 2020 года ў Беларусі Ірына Дрыга кіруе палітычнымі рэпрэсіямі ў сферы культуры. Сама Дрыга адкрыта заяўляе пра існаванне забароны на прафесію ў Беларусі, а таксама тлумачыць працэдуру вяртання для артыстаў «Заяві аб сваёй пазіцыі і адзначся ў адпаведнай прыналежнасці да пэўнай групы людзей. Другое — паўдзельнічай у культурных праектах, якія маюць грамадска-палітычны характар».
У 2023 годзе займае пасаду начальніка галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры.
16 лістапада 2023 года звольнена з пасады начальніка Галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва. Неўзабаве пасля гэтага Дрыга заняла пасаду начальніка ў аддзеле Беларускай кінематаграфіі.