Henryk Brzezowski
Quick Facts
Biography
Генрых Францавіч Бржазоўскі (1912, Мінск — 2006) — беларускі мастак, бацька балерыны Людмілы Бржазоўскай.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і мастака, разьбяра па дрэве, які рабіў сталярку і статуі ў касцёле Святых Сымона і Алены ў Мінску. Пасля школы працаваў мастаком-афарміцелем на заводзе ў Мінску, дзе заўважылі яго незвычайныя творчыя здольнасці і накіравалі вучыцца ў Віцебскі мастацкі тэхнікум 1930-1933. Настаўнікамі яго былі Міхаіл Керзін і Міхаіл Эндэ. Пасля паспяховага заканчэння тэхнікума Генрых Бржазоўскі з 1938 па 1941 год наведваў студыю В. Мадорава ў Мінску. Удзел у выстаўках браў з 1937 года. У 1938 годзе ўдзельнічаў у I з’ездзе мастакоў Беларусі.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны змагаўся ў партызанскім атрадзе імя Калініна ў Пухавіцкім раёне разам са сваёй жонкай, Таццянай. Яна нарадзілася ў вёсцы Яснаўка Пярэжырскага сельсавета і была стаматолагам. За ваенны перыяд Генрых Бржазоўскі зрабіў каля 150 малюнкаў, якія адлюстравалі жыццё партызан. Быў галоўным афарміцелем газеты «Народны мсцівец».
Член Саюза мастакоў БССР з 1945 года.
Творчасць
Працаваў у жанрах тэматычнай карціны, батальным, нацюрморта, пейзажа. Персанальныя выстаўкі адбыліся ў Беларусі, Расіі, Германіі, Італіі. Стварыў больш за 2 тысячы палотнаў («Разведчык», «Беларускі пейзаж», «На родных палетках», «Партызаны каля вогнішча» і інш.).
Партызаны Генрыха Бржазоўскага паказаны ў поўнай баявой гатоўнасці: перапаясаны рамнямі, палявымі сумкамі, узброены аўтаматамі і кулямётамі. Твары маладых байцоў вылучаюцца адкрытасцю, спакоем, разважанасцю. Творы прасякнуты патрыятычным пафасам. Найбольш красамоўна гэта выяўлена ў партрэце камандзіра партызанскага атрада імя М. І. Калініна капитана Сарокі (1943). Поза, характэрная для вобраза баявога камандзіра, сведчыць аб гатоўнасці да барацьбы і ўпэўненасци ў сваёй справе. Ён узброены аўтаматам и гранатами, якія разам з палявой сумкай вельмі натуральна размешчана на яго сялянскім кажуху. Малюнак «Партызаны», створаны ў 1944 годзе, успрымаецца як сведчанне паразумення і адзінства паплечнікаў.
Творы Генрыха Бржазоўскага знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, музеях абласных гарадоў Беларусі, фондах Саюза мастакоў Беларусі і Расіі, а таксама ў музеях Масквы, Германіі, Італіі, прыватных калекцыях.
У 1996 годзе быў узнагароджаны прэміяй міжнароднага фонду «Дзецям Чарнобыля». З’яўляўся Ганаровым грамадзянінам горада Мар’іна Горка. У Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеі ёсць асобная зала, дзе экспануецца звыш сотні твораў Генрыха Бржазоўскага.
Зноскі
Спасылкі
- Малюнкі партызанскага мастака
- АРТ—БЕЛАРУСЬ. Бржазоўскі Генрых(недаступная спасылка)