Charles Gregorowitsch
Quick Facts
Biography
Карл Карлавіч Грыгаровіч (ням.: Charles Gregorowitsch; 25 кастрычніка 1868, Пецярбург — 25 сакавіка 1921, Віцебск) — беларускі скрыпач і педагог. Інтэрпрэтатар скрыпічнай і квартэтнай класікі.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям'і выхадцаў з Беларусі. Ад 1883 штогод прыязджаў з канцэртамі ў Віцебск, куды ў 1918 пераехаў жыць.
Апошні вучань Генрыка Вяняўскага, займаўся таксама ў Маскве ў Васіля Безякірскага і ў Вене ў Якаба Донта затым ўдасканальваў сваё майстэрства ў Берліне ў Ёзэфа Іаахіма. Гастраляваў па свеце з 1883 года, у 1896-97 гг. здзейсніў канцэртнае турнэ па ЗША, атрымаўшы вельмі спачувальныя водгукі крытыкі, якая вітала яго «бліскучы запал і націск» у варыяцыях Иаахіма і «цудоўную тэхніку і цеплыню спасціжэння» у Першым канцэрце Макса Бруха, у 1899—1901 гг. распачаў (разам з фінскім піяністам Эдвардам Фацарам) сусветнае турнэ па трох кантынентах (Амерыка, Азія, Афрыка). З 1903 — прафесар Маскоўскага філарманічнага вучылішча. З 1910 — першая скрыпка ў квартэце герцага Мекленбургскага. Па сведчанні Генры Лахі, «па шыраце і плыўнасці тону яго параўноўвалі з Сарэ і Сарасаце».
Пасля рэвалюцыйных падзей 1917 года жыў і працаваў у Віцебску. Працаваў прафесарам народнай кансерваторыі. Выступаў у суправаджэнні віцебскага сімфанічнага аркестра, удзельнічаў у штотыднёвых вечарынах камернай музыкі, знаёмячы віцебскую публіку з навінамі заходняй музычнай культуры.
У 1921 годзе арыштаваны за тое, што «па прыездзе польскай дэлегацыі ў Віцебск пазнаёміўся з польдэлегатамі… і зарэкамендаваў сябе ў вачах прадстаўнікоў дэлегацыі з самага лепшага боку, у выніку чаго дэлегацыя выдала Грыгаровічу дакумент аб яго поўнай лаяльнасці ў адносінах да Польшчы, на прадмет ўезду ў такую», і прысуджаны да трох гадоў прымусовых работ. Да гэтага часу незразумела, памёр ён ад голаду ў заключэнні або быў расстраляны пры спробе бегчы з Расіі.
Вучнем Грыгаровіча быў Браніслаў Губерман, які гаварыў, што Грыгаровіч «навучыў яго ўсяму, чаму можа навучыць настаўнік».
Зноскі
- ↑ Mr. Franko's Concert; Rafael Joseffy and Charles Gregorowitsch the Soloists // The New York Times, April 24, 1897.
- ↑ Concert at Carnegie Hall. Otto Lohse was Conductor and Gregorowitsch the Soloist // The New York Times, March 2, 1897.
- ↑ Henry C. Lahee. Famous Violinists of To-day and Yesterday. — BiblioBazaar, LLC, 2007. — P. 125.
- ↑ Кочетов С. Уникальный паспорт образца 1905 года передан в Государственный архив Витебской области // — БЕЛТА, 15 октября 2008 г.
- ↑ The Cambridge Companion to the String Quartet / Ed. by Robin Stowell. — Cambridge University Press, 2003. — P. 55.
- ↑ Biography. America 1896 // Huberman.Info