Alieg Stralchonak
Quick Facts
Biography
Алег Анатолевіч Стральчо́нак (18 кастрычніка 1947, Кобрын, Брэсцкая вобласць — 5 сакавіка 2010) — беларускі вучоны ў галіне біяарганічнай хіміі і біяхіміі гармонаў. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (з 1994 года).
Біяграфія
У 1970 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. З 1970 па 1973 гады праходзіў падрыхтоўку ў мэтавай аспірантуры Інстытута арганічнай хіміі імя М. Д. Зялінскага Акадэміі навук СССР. У 1973 годзе быў накіраваны на працу ў аддзел біяарганічнай хіміі Інстытута фізіка-арганічнай хіміі Акадэміі навук БССР. Пасля пераўтварэння аддзела ў Інстытут біяарганічнай хіміі ў 1974 годзе Алег Анатолевіч працягнуў працу ў інстытуце. У 1974—1979 гадах старшы інжынер, малодшы навуковы супрацоўнік, старшы навуковы супрацоўнік, з 1979 года загадчык лабараторыі.
З 1988 па 2000 гады А. Стральчонак займаў пасаду дырэктара Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі. У 2000—2010 гадах працаваў у Швецыі, у фармацэўтычнай фірме «Oasmia», дзе кіраваў даследаваннямі і распрацоўкамі.
Навуковая дзейнасць
Пад кіраўніцтвам А. А. Стральчонка 10 чалавек абаранілі кандыдацкія дысертацыі. Ім апублікавана больш за 180 навуковых прац, у тым ліку каля 40 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў на вынаходствы. Займаўся даследаваннямі ў галіне хіміі гармонаў і гарманальнай рэцэпцыі. Даследаваў структурную арганізацыю і заканамернасці функцыянавання мембранных сістэм распазнавання гармон-глікапратэінавых комплексаў. Выявіў новыя носьбіты біялагічнай інфармацыі, вырашыў праблему стварэння комплексу сродкаў імунахімічнага мікрааналізу для ацэнкі функцыянальнага стану органаў і сістэм арганізма чалавека.
Разам з групай навукоўцаў стварыў навуковыя і тэхнічныя асновы, распрацаваў тэхналогіі, арганізаваў серыйны выпуск і ўкараніў у медыцынскую дыягнастычную практыку набору рэагентаў для радыеімуннага аналізу (Дзяржаўная прэмія БССР 1988 года).
Удзельнічаў у рабоце Камітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі, Рэспубліканскага навуковага савета па праблемах прагназавання навукова-тэхнічнага прагрэсу пры камісіі Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь, уваходзіў у склад рэдкалегіі часопіса «Весці НАН Беларусі», серыя «Хімічныя навукі».
Выбраныя навуковыя працы
- О природе стероидсвязывающего центра транскортина человека (разам з А. А. Ахрэмам і А. В. Свірыдавым) // Доклады АН СССР. 1978. Т. 242. № 5.
- Роль стероидсвязывающих гликопротеинов крови человека в передаче гормонального сигнала в клетке // Физиологический журнал СССР им. И. М. Сеченова. 1990. Т.76, № 9.
- Specific steroid-binding glycoproteins of human blood plasma: novel data on their structure and function // J. Steroid Biochem. 1990. Vol.35, № 5.
- О ранее неизвестном свойстве нормального иммуноглобулина М человека — способности специфически связывать тиреоидные гормоны // Доклады АН Беларуси. 1992. Т.36. № 3—4.
Зноскі
Літаратура
- Стральчо́нак Алег Анатолевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 198. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
Спасылкі
- Стрельченок Олег Анатольевич(руск.) (Праверана 21 мая 2023) // Інстытут біяарганічнай хіміі НАН Беларусі
- Алег Анатолевіч Стральчонак у базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі(руск.) (Праверана 21 мая 2023)
- Памяці вучонага(Праверана 21 мая 2023) // Сайт НАН Беларусі
- Стральчонак Алег Анатольевіч(Праверана 21 мая 2023) // Праект «Людзі нашага краю» Кобрынскай раённай ЦБС
- Банк патентов РФ на изобретения и промышленные образцы ФИПС Роспатента(руск.) (Праверана 21 мая 2023)
- База патэнтаў Беларусі(руск.) (Праверана 21 мая 2023)