Afanasy Glebov
Quick Facts
Biography
Апанас Васільевіч Глебаў (16 студзеня 1902, в. Аляксандраўка (цяпер Рослаўскі раён, Смаленская вобласць) — 1997, г. Полацк) — цягніковы вагонны майстар паравознай калоны № 3 асаблівага рэзерву Народнага камісарыята шляхоў зносін, Герой Сацыялістычнай Працы (1943). Ганаровы чыгуначнік.
Біяграфія
Нарадзіўся 16 студзеня 1902 у вёсцы Аляксандраўка (цяпер Рослаўльскі раён, Смаленская вобласць) у сялянскай сям’і. Сям’я была шматдзетная, з дзяцінства прыйшлося батрачыць: пасвілі жывёлу і апрацоўвалі зямлю, зарабляючы на пражытак.
З 1917 працаваў на вагонарамонтным заводзе ў горадзе Рослаўлі спачатку вучнем слесара, потым слесарам. У красавіку 1924 па Ленінскім прызыве стаў байцом Чырвонай Арміі. Службу праходзіў у Заходнім ваенным акрузе, у горадзе Гжацк.
З сакавіка 1926 г вярнуўся ў Рослаўль, працаваў рассыльным, затым сталяром вагоннага дэпо. У 1928 годзе скончыў у горадзе Канатопе на курсы тэхнікаў-нарміроўшчыкам, пяць гадоў працаваў па новай спецыяльнасці. У 1933 годзе стаў брыгадзірам па рамонце вагонаў, а ў наступным — вагонным майстрам. У студзені 1938 года быў прызначаны намеснікам начальніка 7-га вагоннага ўчастка ў горадзе Полацку Заходняй чыгункі. У гэтай пасадзе быў, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна.
З першага дня вайны выконваў абавязкі начальніка вагоннага ўчастка станцыі Полацк. Праз горад цягнікі ішлі ў чатырох кірунках, чыгуначнікі пасля бомбавых налётаў пастаянна аднаўлялі вузел і рух цягнікоў. Калі вораг ушчыльную падышоў да горада Глебаў апошнім эшалонам са штабам чыгуначнага вузла пакінуў станцыю. Праз Невель прыбыў у Вялікія Лукі, а адтуль — у Тамбоў Ленінскай чыгункі, дзе амаль год працаваў цягніковым вагонным майстрам.
У чэрвені 1942 года быў адкліканы ў паравозную калону № 3 і прызначаны цягніковым вагонным майстрам. У складзе цягніковай брыгады суправаджаў эшалоны, забяспечваючы захаванасць каштоўнага грузу, які дастаўляўся на Сталінградскі фронт. І не раз, рызыкуючы жыццём, ратаваў ён склады з маёмасцю, якая перавазілася. Аднойчы на перагоне паблізу лініі фронту варожыя бамбавікі атакавалі цягнік, з гаручым і боепрыпасамі. Хоць машыніст манеўраваў, але адысці ад бомбаў не ўдалося. Агонь падбіраўся да вагонаў з боепрыпасамі. Цаной велізарных высілкаў брыгадзе, у якой быў Глебаў, удалося збіць полымя і даставіць груз па прызначэнні.
4 лістапада 1942 г. эшалон з танкамі, які суправаджаў Глебаў, што рухаўся з Саратава, быў атакаваны варожымі самалётамі ў раёне станцыі Эльтон. Бомба трапіла ў турную чатырохвосевую цяплушку, у якой адпачывала зменная брыгада, загінула сем чалавек. Полымя пагражала перакінуцца на ўвесь склад. Глебаў неадкладна адчапіў палаючую цяплушку ад платформаў з танкамі і, ад’ехаўшы на 200—300 метраў, патушыў падпалены вагон. Машыніст Аляксандр Янкоўскі і Глебаў апынуліся без падменнай брыгады. Дзевяць сутак нязменна вадзілі яны эшалоны да Сталінграда і назад.
Калі прыйшла перамога пад Сталінградам, брыгаду перакінулі на Захад. Спярша вазілі людзей, баявую тэхніку, боепрыпасы і харчаванне на Курскім напрамку, а затым на Беларускім. Перад вызваленнем Беларусі Глебаў быў не толькі цягніковым вагонным майстрам, але і інспектарам вагоннай гаспадаркі ўсёй сваёй паравознай калоны.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 5 лістапада 1943 «за асаблівыя заслугі ў справе забеспячэння перавозак для фронту і народнай гаспадаркі і выдатныя дасягненні ў аднаўленні чыгуначнага гаспадаркі ў цяжкіх умовах ваеннага часу» Глебаву Апанасу Васільевічу прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і Залатой медалі «Серп і Молат». 18 снежня ў Крамлі М. І. Калінін уручыў высокія ўзнагароды радзімы.
Пасля вызвалення Полацка летам 1944 года Глебаў вярнуўся ў горад. Быў ізноў прызначаны начальнікам вагоннага ўчастка, атрымаў персанальнае званне інжынер-лейтэнант цягі. Адначасова з выкананнем галоўнай задачы — забеспячэння прасоўвання цягнікоў да фронту, чыгуначнікі аднаўлялі вытворчыя памяшканні, вагонны парк. Пасля перамогі працягваў працаваць на гэтым участку.
У 1958 годзе ў сувязі са скасаваннем Полацкага вагоннага ўчастка прызначаны начальнікам вагоннага дэпо станцыі Полацк. У 1963 годзе сышоў на пенсію, але працягваў працаваць аглядчыкам вагонаў да 1971 года. Прапрацаваў на чыгунцы 54 гады.
Абіраўся дэпутатам Полацкага гарсавета дэлегат 3-й Усесаюзнай канферэнцыі прыхільнікаў міру. У 1971 годзе быў узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета Беларускай ССР да 100-годдзя Беларускай чыгункі. У 1979 годзе прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна горада Полацка.
Жыў у горадзе Полацку. Памёр у 1997 годзе, на 96 годзе жыцця.
Узнагароды
Узнагароджаны ордэнам Леніна, медалямі; двума знакамі «Ганаровы чыгуначнік».
Зноскі
- ↑ Глебов Афанасий Васильевич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 150. — 737 с.
Літаратура
- Герои стальных магистралей. Кн. 3. М. 2004
- Герои труда военных лет 1941—1945. М. 2001
Спасылкі
- Афанасий Васильевич Глебов на сайце «Героі краіны»