Youras Ziankovich
Quick Facts
Biography
Юрась (Юрый) Леанідавіч Зянковіч (нар. 31 кастрычніка 1977 г., Мінск, Беларуская ССР) — беларускі палітык, грамадскі дзеяч, амерыканскі адвакат беларускага паходжання.
Біяграфія
Нарадзіўся ў Мінску ў сям'і Леаніда і Наталлі Зянковічаў. Яго бацькі пераехалі ў Беларусь незадоўга да нараджэння Юрася. Юрась быў першым у родзе за больш як 100 год, хто нарадзіўся ў Беларусі. Ягоныя продкі паходзілі з Віцебска, але з'ехалі адтуль ва Украіну ў канцы XIX стагоддзя.
Юрась скончыў матэматычную школу №50 у Мінску і паступіў на факультэт прыкладной матэматыкі БДУ. Там ён далучыўся да дэмакратычнага руху — уступіў у Задзіночанне беларускіх студэнтаў і Свабодны прафсаюз студэнтаў. Пасля 1-га курса ён вырашыў змяніць профіль навучання і паступіў на Юрыдычны факультэт БДУ. Аднак перад самым пачаткам навучальнага года атрымаў паведамленне, што яго залічылі "памылкова". У выніку ён паехаў вучыцца ў Польшчу, дзе вучыўся ў Універсітэце імя Марыі Складоўскай-Кюры ў Любліне і ў Варшаўскім універсітэце. У той жа час ён супрацоўнічаў з беларускімі СМІ — быў карэспандэнтам газеты "Беларускі Рынак" і ўласным карэспандэнтам агентства БелТА.
Не скончыўшы навучання, вярнуўся ў Беларусь у 1999 годзе, дзе ўступіў у Партыю БНФ. З таго часу і да 2007 года ён займаўся палітычнай і грамадскай дзейнасцю: узначальваў раённую і абласную арганізацыі Партыі БНФ, абіраўся дэпутатам Мінскага раённага і Ждановіцкага сельскага саветаў, быў кандыдатам у дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу.
У 2001-2007 гадах навучаўся завочна на юрыдычным факультэце Украінскай акадэміі банкаўскай справы. Пасля сканчэння навучання эміграваў у ЗША.
Першы час жыў у Дэнверы, працуючы развозчыкам піццы. Затым у 2010 годзе пераехаў у Нью-Ёрк. Там працаваў, у прыватнасці, у газеце "Новае Рускае Слова", а таксама памочнікам адваката. У 2011 годзе паступіў у магістратуру Юрыдычнай школы Універсітэта Фордхэм, якую скончыў у 2012 годзе. У 2013 годзе здаў адвакацкі экзамен у штаце Нью-Ёрк і прыняў адвакацкую прысягу ў лютым 2014 года.
З 2014 года валодае юрыдычным офісам у Ніжнім Манхэтэне, а таксама другім офісам у Дэнверы. Спецыялізуецца на падтрымцы IT-стартапаў, а таксама на імміграцыйным праве.
Жанаты з Аленай Дзенісавец. Пара пражывае стала ў Дэнверы.
Палітычная дзейнасць
З 1999 да 2008 года - член Сойма Партыі БНФ, старшыня Мінскай раённай арганізацыі Партыі БНФ. У 2004-2007 гадах в.а. старшыні Мінскай абласной Рады Партыі БНФ і член Управы па пасадзе.
З 2003 па 2007 год - дэпутат Мінскага раённага і Ждановіцкага сельскага саветаў. У прыватнасці, дабіўся надання вуліцы імя Васіля Быкава ў Ждановічах. На сёння гэта адзіная вуліца імя гэтага пісьменніка ў Беларусі.
У 2004 годзе вылучаўся ў дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў трэцяга склікання па Мінскай сельскай выбарчай акрузе №84. Па афіцыйных дадзеных набраў 8.5% галасоў.
У 2016 годзе быў вылучаны Партыяй БНФ па Заслаўскай выбарчай акрузе №77 у дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў. Выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі.
Юрась Зянковіч узначальвае створаны ў ЗША Інстытут беларускай дэмакратыі - грамадскую арганізацыю, якая ставіць сабе на мэце пашырэнне беларуска-амерыканскага супрацоўніцтва і правядзенне навучання асновам дэмакратыі ў Беларусі.