Wacław Iwanowski
Quick Facts
Biography
Вацлаў Леанардавіч Іваноўскі (7 чэрвеня (25 мая) 1880, фальв. Лябёдка, зараз у межах в. Галавічполе, Шчучынскі раён — 7 снежня 1943, Менск; Псеўданімы: Вацюк Тройца, Браты Далецкія) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, доктар тэхнічных навук.
Біяграфічныя звесткі
Вацлаў Іваноўскі нарадзіўся ў сям'і Леанарда Іваноўскага, уладальніка фальварку Лябёдка Лідскага павета Віленскай губерні. Скончыў у 1904 Санкт-Пецярбургскі тэхналагічны інстытут. З 1904 па 1913 займаўся навуковай і выкладчыцкай работай у Санкт-Пецярбургу. Заснавальнік Беларускай рэвалюцыйнай партыі (1902). Пасля яе расколу ў 1903 ўзначаліў Круг беларускай народнай прасветы і культуры. Займаўся выдавецкай дзейнасцю, зрабіў апрацоўку першага буквара сучаснай беларускай мовы. У 1904-05 член ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Адыграў важную ролю ў арганізацыі прапагандыскай работы БСГ, заснаванні партыйнай друкарні ў Мінску і выдавецтва «Грамада» ў Пецярбургу. На пачатку 1906 ўзначаліў створанае ім у Пецярбургу першае беларускае выдавецтва — суполку «Загляне сонца і ў наша аконца». Адначасова супрацоўнічаў з газетай «Наша доля» і «Наша ніва» (псеўданім Вацюк Тройца).
У 1913—1915 Вацлаў Іваноўскі жыў у Вільні, працаваў у Віленскім таварыстве сельскай гаспадаркі, кіраваў Беларускім выдавецкім таварыствам, садзейнічаў заснаванню беларускай кнігарні В.Ластоўскага. Уваходзіў у кола тых дзеячоў беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху, якія ўключыліся ў склад ліберальна-дэмакратычнай плыні руху краёўцаў.
У сакавіку-верасні 1915 старшыня Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У канцы 1915 адышоў ад палітычнай дзейнасці і жыў у Расіі. У Беларускі нацыянальны камітэт пад старшынствам Р. Скірмунта абраны завочна. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 ўключыўся ў палітычную дзейнасць, удзельнічаў ва Усебеларускім з'ездзе 1917 ў Мінску. Вырашэнне пытання беларускай дзяржаўнасці звязваў з нацыянальнай праграмай бальшавікоў.
У 1918 В.Іваноўскі стаў міністрам асветы ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), які ўзначальваў А.Луцкевіч. У снежні 1918, пасля адступлення нямецкіх войск, застаўся ў Мінску разам з Я.Лёсікам, А.Уласавым і некаторымі іншымі членамі Рады БНР, спадзючыся на стварэнне кааліцыйнага ўрада БССР з удзелам камуністаў і сацыял-дэмакратаў. У траўні 1919 арыштаваны савецкімі ўладамі і інтэрніраваны ў горад Смаленск.
Пасля вызвалення В.Іваноўскі адмовіўся выехаць у Польшчу, вярнуўся ў Мінск, дзе працаваў загадчыкам літаратурна-выдавецкага аддзела Мінскага губернскага камісарыята асветы Літоўска-Беларускай ССР.
Восенню 1919, пераканаўшыся ў памылковасці арыентацыі на Савецкую Расію, В.Іваноўскі пачаў супрацоўнічаць з польскай адміністрацыяй, увайшоў у Часовы беларускі нацыянальны камітэт у Мінску. У лютым-сакавіку 1920 як упаўнаважаны Найвышэйшай рады БНР удзельнічаў у беларуска-польскіх перагаворах, імкнуўся прадухіліць падзел Беларусі, выступаў за стварэнне федэрацыі Польшчы і Беларусі. Адначасова займаўся пашырэннем сеткі беларускіх школ на Міншчыне, кіраваў Мінскім беларускім педагагічным інстытутам, арганізаваў выпуск літаратурнага штотыднёвіка «Рунь». У кастрычніку 1920 стаў дырэктарам дэпартамента гандлю ва ўрадзе Сярэдняй Літвы.
Падзел Беларусі ў выніку Рыжскага мірнага дагавора пазбавіў В.Іваноўскага надзеі на ажыццяўленне ідэі беларускай дзяржаўнасці. Ён адмовіўся ад палітычнай дзейнасці і вярнуўся да навуковай працы. У 1922-39 займаў пасаду прафесара Варшаўскага політэхнічнага інстытута. Пасля заваявання Польшчы нацысцкай Германіяй, восенню 1939 Іваноўскі ізноў апынуўся ў Вільні, выкладаў тут ва ўніверсітэце.
У першыя месяцы нямецкай акупацыі Беларусі В.Іваноўскі кіраваў адноўленым Беларускім нацыянальным камітэтам у Вільні. У 1942 быў прызначаны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі на пасаду бургамістра Менска. Паводле Юрыя Туронка, Вацлаў Іваноўскі, перш чым выехаць з Вільні, даручыў сваёй дачцэ Ганне вывезці з Вільні ў Лябёдку дзвюх жанчын яўрэйскага паходжання — Эму Альтберг і яе сястру Марыю Арнольд. У 1943 з'яўляўся старшынём Беларускай рады даверу пры генеральным камісары Беларусі В.Кубэ, адначасова быў намеснікам старшыні Беларускага навуковага таварыства, з 30.6.1943 ўзначальваў Беларускую народную самапомач. Падтрымліваў сувязь з прадстаўнікамі Арміі Краёвай.
Загінуў у выніку тэрарыстычнага замаху. Пахаваны на мінскіх Кальварыйскіх могілках.
Гібель
6 снежня 1943 Вацлаў Іваноўскі быў цяжка паранены невядомымі на вуліцы, быў прывезены ў шпіталь, але там пакінуты без лекарскай дапамогі і назаўтра памёр.
Раней замах на яго прыпісвалі шэфу мінскага СД Штраўху, або савецкім ці польскім партызанам, а выканаўцаў лічылі невядомымі. Гісторык Юры Туронак лічыць, што забойства было арганізавана — з ведама і згоды в.а. генеральнага камісара Беларусі Курта фон Готберга — Радаславам Астроўскім, які супернічаў за ўплыў з Іваноўскім. Называюцца і прозвішчы выканаўцаў. У некаторых крыніцах выканаўцам забойства названы М. Васьковіч, працаўнік Менскай гарадской управы і сябра Беларускага навуковага таварыства, які пасля ўцёк да савецкіх партызанаў.
Распаўсюджаная версія пра здзяйсненне замаху савецкімі партызанамі была прынятая, з розных прычын, як у пасляваеннай савецкай гістарыяграфіі, так і ў беларускім эмігранцкім асяродку, але, відаць, была створаная і пушчаная ў абарот Готбергам.
Ацэнкі дзейнасці
Яўген Хлябцэвіч і Браніслаў Тарашкевіч вызначылі В. Іваноўскага як цэнтральную фігуру беларускага жыцця ў Пецярбургу, а Максім Гарэцкі — як правадыра нацыянальнага адраджэнскага руху перад Першай сусветнай вайной. Затым постаць Вацлава Іваноўскага на многія гады была выкрэсленая з гісторыі беларускай культуры і нацыянальнага руху. Згодна з дырэктывамі камуністычных уладаў Беларусі, яго прадстаўлялі ворагам народа. Асуджэнне В. Іваноўскага савецкімі ўладамі было выкліканае не толькі яго пазіцыяй часоў нямецкай акупацыі, яно датычылася ўсёй яго дзейнасці ўвогуле. З 1990-х г. у паглядзе на гэтую супярэчлівую фігуру пазначыліся прыкметныя карэктывы — у тым ліку дзякуючы працам польскага гісторыка Юры Туронка.
Ушанаванне памяці
16 снежня 2006 адбылося ўрачыстае адкрыццё надмагільнага помніка Вацлаву Іваноўскаму.
Іншае
Вядомасць таксама атрымалі:
- Ежы Іваноўскі, брат В.Іваноўскага
- Тадэвуш Іваноўскі, брат В.Іваноўскага
- Алена Іваноўская, сястра В.Іваноўскага
Зноскі
Літаратура
- Вацлаў Іваноўскі, 1880—1943. Мн., 1990.
- Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — СПб. : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
- Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. — Мн., 2006. ISBN 985-6530-40-7 (бел.)
- Савук А. Вацлаў Іваноўскі // Лідскі летапісец № 11
- ІВАНОЎСКІ Вацлаў Леанардавіч