Vladislovas Daukša
Quick Facts
Biography
Уладзіслаў Аляксандр Даўкша (польск.: Władysław Aleksander Dauksza, літ.: Vladislovas Daukša; 24 ліпеня 1677, Ваўкавыскі павет – 18 красавіка 1747, Вільня) – буйны дзеяч каталіцкага касцёла і Ордэна езуітаў. Доктар тэалогіі (1719), доктар кананічнага права (1722), педагог.
Уступіў у Таварыства Ісуса 9 жніўня 1695 г. у Вільні. Пасля выпрабаванняў у навіцыяце вывучаў філасофію ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1697–1700). Выкладаў у паэтыку ў Нясвіжы і Драгічыне. Курс тэалогіі прайшоў у Віленскай акадэміі (1703–1707). У 1706 г. быў высвечаны на ксяндза.
Прафесар рыторыкі для экстэрнаў у Мінскім езуіцкім калегіуме (1707–1708) і Віленскай акадэміі (1708–1709, 1710–1711); прафесар рыторыкі для семінарыстаў-езуітаў у настаўніцкай семінарыі пры калегіуме ў Крожах (1709–1710). Выкладаў філасофію ў Віленскай акадэміі (1711–1714), а потым схаластычную тэалогію (1714–1719) і кананічнае права (1714–1715) ў Варшаўскім калегіуме схаластычную тэалогію (1719–1721) і кананічнае права (1720–1720) у Віленскай акадэміі. У 1711 г. атрымаў у Віленскай акадэміі ступень магістра філасофіі і вольных навук, роўную доктарскай ступені, у 1719 г. – ступень доктара тэалогіі, а ў 1722 г. – доктара кананічнага права.
Займаў высокія пасады ў структурах Таварыства Ісуса: прэпозіта Дому прафесаў у Вільні (1722–1723, 1738–1741), правінцыяла Літоўскай правінцыі ордэна (1723–1727, 1735–1738), рэктара Віленскай акадэміі (1727–1731, 1741–1745) і Варшаўскага езуіцкага калегіума (1731–1735). У 1730–1731 гг. быў дэлегатам XVI генеральнай кангрэгацыі ў Рыме, на якой новым генералам Таварыства Ісуса быў абраны Франц Рэц.
На пасадзе правінцыяла прыкладаў шмат намаганняў для развіцця школьнай справы езуітаў (пераадоленне негатыўных наступстваў Паўночнай вайны, абмежаванне фізічных пакаранняў у школах, падрыхтоўка настаўніцкіх кадраў у дакладных навуках, накіраванне маладых езуітаў на вучобу за мяжу і г.д. ) і умацавання маёмаснага становішча ордэна ў даручанай яму правінцыі. Упарадкаваў сялянскія павіннасці ў езуіцкіх маёнтках і змагаўся са злоўжываннямі іх адміністрацыі.
Апошняй пасадай было рэктарства ў калегіуме пры касцёле Св. Рафала ў Вільні (1735–1747).
Аўтар працы «Трактат супраць кальвіністаў і лютэран» (Traktat przeciw kalwinistom i lutrom, Вільня, каля 1719), панегірыка у гонар жамойцкага епіскапа Яна Мікалая Згерскага (Circus flaminius sanguinis Illustri... Illustrissimi Domini Joannis Nicolai Zgorski, episcopi Samogitiae... in primo in Cathedram suam ascensu a Collegio Crosensi SJ, Вільня, 1711) і драматычнага твора ў пяці актах Convivia dolus ad geniales Bacchi mensas (Вільня, 1709).
Зноскі
- ↑ Grzebień, L. (Ed.), Encyklopedia Wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1996.
- ↑ Królikowska, A. Profesorowie jezuickich seminariów nauczycielskich od XVI do XVIII wieku. Słownik biograficzny / A.Królikowska. – Kraków: Wydawnictwo Naukowe Akademii Ignatianum w Krakowie –Wydawnictwo WAM, 2017. –s. 51.
- ↑ Пазднякоў, В. Даўкша Уладзіслаў Аляксандр / В. Пазднякоў // Электронная энцыклапедыя «Вялікае княства Літоўскае».
Літаратура
- Пазднякоў, В. Даўкша Уладзіслаў Аляксандр / В. Пазднякоў // Электронная энцыклапедыя «Вялікае княства Літоўскае».
- Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy 1564–1995 / оprac. L. Grzebień. – Kraków : Wyd-wo WAM, 1996. – 882 s.
- Królikowska, A. Profesorowie jezuickich seminariów nauczycielskich od XVI do XVIII wieku. Słownik biograficzny / A.Królikowska. – Kraków: Wydawnictwo Naukowe Akademii Ignatianum w Krakowie –Wydawnictwo WAM, 2017. – 188 s.
На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпедыі, |