Viktar Shved
Quick Facts
Biography
Віктар Мікітавіч Швед (нар. 23 сакавіка 1925, в. Мора, Гайнаўскі павет Падляскага ваяв., Польшча — 22 кастрычніка 2020) — беларускі паэт, перакладчык, публіцыст, грамадскі дзеяч. Заслужаны дзеяч культуры Польшчы (1971).
Біяграфічныя звесткі
Нарадзіўся 23 сакавіка 1925 года ў сялянскай сям’і ў беларускай вёсцы Мора на Падляшшы ў Польскай Рэспубліцы. Вучыўся ў польскай школе ў Моры, а пасля ў Орлі. Пра гэта ў «У адроджанай краіне» ён пісаў так: «Не было на Беласточчыне навучання беларускай мове. Польскія асветныя ўлады арганізавалі вясковыя чатырохкласныя школы і так прыдумалі ў іх навучанне: дзеці вучыліся сем гадоў; у першым і другім класе па годзе, у трэцім два гады і ў чацвёртым класе тры гады». Тады ён пачаў пісаць вершы на польскай мове.
Выпускнік Беларускага ліцэя ў Бельску-Падляскім (1946). Закончыў Акадэмію палітычных навук у Варшаве (1951), аддзяленне журналістыкі (1955) і аддзяленне беларускай філалогіі (1969) Варшаўскага ўніверсітэта. Працаваў журналістам у «Ніве», рэдактарам у выдавецтве «Książka i Wiedza» ў Варшаве (1960—1988). Пасля выхаду на пенсію жыў у Беластоку. Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў і Беларускага літаратурнага аб'яднання «Белавежа».
Творчасць
Дэбютаваў 24 сакавіка 1957 года вершам «Я — беларус» на старонках тыднёвіка «Ніва». Пісаў на беларускай і польскай мовах. Апублікаваў зборнікі вершаў «Жыццёвыя сцежкі» (1967), «Дзяцінства прыстань» (1975), «Дружба» (Мінск, 1976), «Мая зялёная Зубровія» (Мінск, 1990), «Родны схоў» (1991), «Вясёлка» (1991), «Вершы Натальцы» (1998). У яго паэтычных зборніках раскрываецца тэма вернасці роднай зямлі і мове, адлюстравана драма беларускай вёскі і роднай мовы ў выніку дэнацыяналізацыі і гратэскавай правінцыйнай урбанізацыі. Пісаў для дзяцей.
Перакладаў з беларускай, рускай, украінскай моў на польскую, з польскай — на беларускую. У перакладзе на польскую мову выйшла кніжка В. Шведа «Выбраныя вершы» (1997). Некаторыя яго вершы пакладзены на музыку.
Бібліяграфія
- Жыццёвыя сцежкі (1967)
- Дзяцінства прыстань (1975)
- Дружба (1976)
- Мая зялёная Зубровія (1990)
- Вясёлка (1991)
- Wiersze wybrane (1997)
- Вершы Натальцы (1998)
- Выбраныя вершы (2000)
- Lata wiatr skrzydlaty
- Śmiech nie grzech (2000)
- Мае Айчыны (2003)
- Przemijanie (2006)
Узнагароды і прэміі
- Ордэн Францыска Скарыны — за актыўную дзейнасць па папулярызацыі беларускай культуры, мовы і літаратуры, значны асабісты ўклад у развіццё міжкультурных сувязей і ўмацаванне добрасуседскіх адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча (2015)
Зноскі
Літаратура
- Беларускія пісьменнікі Польшчы. Другая палова XX ст. / Уклад. Я. Чыквіна; Прадм. У. Конана — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2000. — 576 с. іл. ISBN 985-6318-80-7.