peoplepill id: vera-vjarba
VV
Belarus
1 views today
1 views this week
Vera Vjarba
Belarusian poet, translator

Vera Vjarba

The basics

Quick Facts

Intro
Belarusian poet, translator
Places
Work field
Gender
Female
Place of birth
Talachyn District, Belarus
Age
70 years
The details (from wikipedia)

Biography

Вера Вярба, сапр.: Гертруда Пятроўна САКАЛОВА (14 студзеня 1942, в. Высокі Гарадзец, Талачынскі раён — 15 ліпеня 2012) — беларуская паэтэса.

Вера Вярба – вядомая беларуская паэтэса, перакладчыца. Яна стала адной з яркіх прадстаўніц плеяды жанчын-паэтэс (разам з Е. Лось, Я. Янішчыц, Н. Мацяш, Т. Бондар, Р. Баравіковай, Г. Каржанеўскай і інш.), якія сваёй творчасцю аздобілі і ўзбагацілі беларускую літаратуру другой паловы ХХ стагоддзя.

Біяграфічныя звесткі

Сапраўднае імя - Гертруда Сакалова. Нарадзілася 14 студзеня 1942 года ў вёсцы Высокі Гарадзец Талачынскага раёна ў сям'і службоўцаў. Бацька, Пётр Андрэевіч Маркаў, загінуў у 1941 пад Смаленскам. Маці, Надзея Васілеўна Казлоўская, працавала інжынерам у Мінску. У 1958 В. Вярба скончыла сярэднюю школу ў Мінску і паступіла на філалагічны факультэт БДУ, які скончыла ў 1964. Пасля атрымання дыплома піша ў часопіс «Маладосць» і ўладкоўваецца старшым інспектарам аддзела прапаганды літаратуры упраўлення кніжнага гандлю Дзяржкамітэта Савета Міністраў БССР па друку. Сур'ёзная пасада і вымушае паэтку ўзяць псеўданім. 3 1972 — літсупрацоўніца, потым загадчыца аддзела пісем і інфармацыі рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», з 1977 пазаштатны карэспандэнт часопіса «Работніца і сялянка», з 1980 — у часопісе «Беларусь». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1964 г., выбіралася членам бюро секцыі паэзіі СП БССР; жыла ў Мінску. Мае сына.

Псеўданiм

Гертруда Сакалова. Аўтарка, якая сваім творчым псеўданімам абрала лірычнае спалучэнне Вера Вярба.

Вера Харужая стала для паэтэсы ідэалам, пуцяводнай зоркай: «Я іду па слядах тваіх // за справядлівасцю і мужнасцю, // За высокай гордасцю і дружнасцю. // Кожны крок мой – на белай паперы, // Я дайду да цябе, мая Вера!». Відавочна, што менавіта гэтая гераіня паўплывала на выбар псеўданіма паэткі.

Другой часткай псеўданіма стала назва дрэва. У беларускім фальклоры вярба з’яўляецца сімвалам смутку. Як зазначае І. Чарота, «усходнеславянскія супольныя прынцыпы паэтызацыі вярбы на першы план ставяць лірычныя, часцей за ўсё любоўныя тэмы, у якіх дрэва ўвасабляе тугу». Паэтка ўспрымае дрэвы, як блізкія істоты, яны падобныя да людзей: «Затужылі вербы над вірамі. // ...Але нельга вербам адарвацца // Ад радзімы, ад сваіх віроў». У творчасці В. Вярбы сімволіка гэтага дрэва прадвызначыла яркія адметнасці яе лірычнага слова – сувязь з роднымі каранямі, народна-песенную аснову і самотна-шчымлівы, пяшчотны настрой.

Творчасць

Дэбютавала ў 1958 З гэтага ж года пачалі публікавацца яе вершы ў друку (у часопісах «Вясёлка», «Бярозка», «Маладосць», «Полымя» і інш.). Беларускі паэт Мікола Аўрамчык з цікавасцю згадвае, як васьмікласніцай Вера Вярба прыйшла з сваімі вершамі ў рэдакцыю часопіса «Маладосць»: «Яна вельмі смелы чалавек была і вельмі своеасаблівы чалавек. Магла і жартаваць, і кпіць з хлопцаў з нашых з усіх, з паэтаў – тым больш. Вельмі дзёрзка трымалася, вельмі своеасабліва. Я нікога не магу параўнаць з ёй, нікога з тых паэтаў, якія амаль за сорак год маёй кансультацыі паэзіі прыходзілі да мяне. Яна своеасаблівая і, канечне, паэтэса ад Бога. Тут нічога не скажаш».

Ужо ў 1962 г. выдалі першую кнігу паэтэсы «Вочы вясны», якая была высока ацэненая крытыкамі. У 1964 г. В. Вярбу прынялі ў Саюз пісьменнікаў БССР. Адзін з вершаў – «Ручнікі» – з першага зборніка спадабаўся выкладчыку Полацкага педагагінага вучылішча Мікалаю Пятрэнку і ён напісаў на гэтыя словы песню. «Ручнікі» пасля выканання самадзейным дуэтам з Лёзна – Тамарай Дзядковай і Валянцінай Альхоўскай – на рэспубліканскім конкурсе мастацкай самадзейнасці сталі вядомаю песняй, якая пазней увайшла ў рэпертуар «Песняроў» і зрабіла маладую аўтарку папулярнай на ўсю краіну.

Вера Вярба выклікала захапленне. Генадзь Бураўкін прыгадваў: «Я памятаю прыход Веры Вярбы ў нашу паэзію. Не заўважыць гэтага прыходу нельга было, бо Вера была трапяткой, тоненькай, прыгожай, і вершы яе адразу ж былі непадобныя да іншых. Акрамя відавочнага таленту, у іх была жаноцкасць, тая жаноцкасць, якой вельмі і вельмі не хапала беларускай паэзіі навогул і, у прыватнасці, творчасці паэтак. Яна стала вельмі хутка вядомай…». Сапраўды, з першага зборніка ў творах паэтэсы прагучала выразная жаноцкасць, эмацыянальнасць, была відавочная перавага інтымнай лірыкі. Многія рэцэнзенты (В. Бечык, А. Куляшоў, В. Рагойша, А. Яскевіч ды інш.) адзначылі адметнае лірыка-непасрэднае самавыяўленне паэтэсы, яе «свежы голас». А. Лойка, напрыклад, вылучыў як самыя «цікавыя» творы з першага зборніка паэтэсы – «напісаныя ў інтанацыях і рытмах народнай песні – «У апошні », «У мяне каханне...»

Стаўшы вядомай у дваццацігадовым узросце, Вера Вярба на далейшым творчым шляху сустрэла цяжкія выпрабаванні: за шэрагам захапляльных рэцэнзій пайшлі разгромныя. У 1965 г. В. Вярба падрыхтавала другі свой зборнік «Снежань», але чытач яго так і не пабачыў. У рэцэнзіі на гэтую нявыдадзеную кнігу С. Грахоўскі пісаў: «Чытаючы многія вершы, пераконваешся, што В. Вярба піша так, як пішацца, мала клапоцячыся аб тым, што яна скажа людзям… Ствараецца ўражанне, што ў кніжку ўключаны першыя варыянты, а часам чарнавікі, непрадуманыя, неадшліфаваныя, напісаныя паспешліва і абыякава…». Рэцэнзент Я. Мазалькоў адзначыў паэзію В. Вярбы як «шчырую гарачую лірыку», а саму аўтарку «як несумненна адораную паэтэсу, для якой характэрны пошукі яркай своеасаблівай формы, імкненне упрыгожыць верш унутранымі рытмамі, асанансамі, маляўнічымі і незвычайнымі вобразамі», але зусім не зразумеў і раскрытыкаваў верш «Як надаелі размовы аб модзе…»: «Канечне, недарэчна лічыць «злачынствам» падмаляваныя па-моднаму вусны і нават размаляваныя вейкі. Але таксама недарэчна лічыць кароткія сукенкі і адкрытыя каленкі прыкметай якіх-небудзь асобых вартасцяў маладых людзей, якія не жадаюць адставаць ад моды!»

Адказам на крытыку гучаць радкі з верша В. Вярбы: «За што вы толькі не судзілі – // А я па-свойму ўсё раблю. // На зайздрасць вам мяне любілі, // І я на зайздрасць вам – люблю. // Пакінулі свой след капытны // На маладой маёй душы, // Мой вобраз юны абабіты, // Як слуп аб’яўны ля шашы <…> І некаму мне крыўду скласці, // І некалі прыняць дакор. // Жыву і прычакаю шчасця // Усім чарцям наперакор».

Толькі значна пазней, у 1982 г. дапытлівая літаратуразнаўца Т. Чабан у даследаванні «Крылы рамантыкі: рамантычныя тэндэнцыі ў сучаснай беларускай паэзіі» змагла максімальна наблізіцца да раскрыцця таямніцы таленту В. Вярбы. Аналізуючы творчасць беларускіх паэтаў-рамантыкаў, яна вылучае ў гэтай сувязі паэзію В. Вярбы. Канешне, рамантычнасць і жаноцкасць – паняцці не ідэнтычныя, але ў асобнай канатацыі суадносныя. Даследчыца, спалучаючы рамантычныя тэндэнцыі з фальклорнай традыцыяй, акцэнтуе ўвагу на эмацыянальнасці стылю паэтэсы: «Класічныя» рамантыкі, раскрываючы ўнутраны свет чалавека, асаблівую ўвагу звярталі на эмацыянальны бок яго жыцця – «жыццё сэрца» (Бялінскі)». Характарызуючы лірыку паэтэсы, Т. Чабан адзначае «эмацыянальны пачатак», адвяргаючы «прагматызм, рацыяналізм». Лірычнай гераіні В. Вярбы ўласціва «жаноцкая (звярніце ўвагу – жаноцкая, а не жаночая – І. Ш.) кволасць, пяшчота да ўсяго жывога, душэўная ранімасць». У працы Т. Чабан, акрамя пералічаных рыс жаноцкасці, характэрных для паэзіі В. Вярбы, выяўляюцца прыклады змяншэння лагічна-рэчыўнага пачатку: «гранічна эмацыянальныя, суб’ектыўныя, неадназначныя эпітэты («засмучаныя далi», «строгі маладзік», «позні кароль», «перабалелы дзень» і г. д.), непрадбачаныя, ірацыянальныя параўнанні («рух ласкавых рук – як міг і недарэчнасць»), катахрэза – непаслядоўнасць у развіцці паэтычнага вобраза». Усё гэта дае магчымасць пры дапамозе «недагавораных» слоў і сімвалічных вобразаў звяртацца да чытача, «мінуючы логіку».

У гэтым ракурсе важным акцэнтам з’ўляецца актуалізацыя пытання ўзроставай мяжы. Сапраўды, цяжка аспрэчыць факт асаблівай балючасці гэтай тэмы для жанчыны, і таму неаднаразова гэтая тэма пульсуе ў многіх творах В. Вярбы: «Як гэта цяжка быць дарослай, // Як гэта цяжка быць жанчынай <…> А потым старасць, потым восень, // Хаваеш першыя маршчыны».

Яшчэ адной яркай адметнасцю жаноцкасці ў творчасці В. Вярбы стала тэма мацярынства. Невыпадкова трэцяя яе кніга – зборнік вершаў для дзяцей «Пралеска» (1968). Яшчэ ў васямнаццацігадовым узросце паэтэса ўсведамляла як найвышэйшае шчасце для жанчыны – быць маці: «Як найшчаслівейшая жанчына, // Дзіця падносіш да грудзей. // На твары свецяцца маршчыны, // І вочы сталі маладзей» (1960); кранае сваёй пяшчотай верш з першай кнігі паэтэсы – «Дачцэ, якой яшчэ няма» (1960).

Рэалізаваўшы сябе як жанчына-маці, паэтэса адзін за другім «нараджала» кнігі вершаў: «Высакосны год» (1969), «Сіняя бухта» (1975), «Альфа» (1978), «Мая маленькая планета» (1982), «Яраслаўна» (1986). У 1976 г. выйшла «Выбранае», у 1987-м – кніжка выбранай паэзіі «Белыя пісьмы», у 1995-м – «Апошні верасень».

Ваенная тэма прадстаўлена ў паэзіі Веры Вярбы таксама і праз асэнсаванне гераічнага вобразу сваёй зямлячкі Веры Харужай, якой яна прысвячае некалькі твораў («Веры Харужай», «Харужай», «Вера», асобны раздзел з паэмы «Каліна» – «Прыпяць» і інш.). Да паэтычнага твору «Вера» аўтар складае аб’ёмную прадмову ў прозе, дзе ўспамінае сюжэты, якія яна прачытала, разбіраючы архіўныя дакументы, акрамя таго ў гэтай прадмове – асновы канцэпцыі асэнсавання гэтай трагедыі ўсімі беларускімі паэтамі пасляваеннага пакалення: «Для майго пакалення вайна – гісторыя. <...> І вайна паўстала перада мной болем і гневам цэлага народа. <...> Яны загінулі, верачы ў справядлівасць, уславіўшы Беларусь. Іх смерць – не толькі помнік гераізму, яна дакор нам, жывым. Яе нельга забыць, усклаўшы на магілу вянок з кветак. І калі народ стварае гісторыю, ён павінен яе ведаць».

Для Веры Вярбы ўласціва нацыянальная адметнасць, якая выяўляецца ў выбары тэм, праблем, у своеасаблівым поглядзе на розныя бакі жыцця, нарэшце ў нацыянальным моўным каларыце. Для большасці яе твораў характэрны пранікнёны лірызм, эмацыянальнасць, чуласць да ўсяго навакольнага ў свеце, абвостранае пачуццё прыгожага. Нацыянальна-эстэтычная сутнасць яе паэзіі сведчыць пра адметную ментальнасць і мастацкую эстэтыку. Паэтычнае слова цесна звязана з моўным каларытам, і пры перакладзе на іншыя мовы твор нярэдка страчвае свой сэнс. Эстэтычныя карані яе паэзіі – у беларускай песеннай прасодыі. Моўная плынь яе твораў успрымаецца як музыка душы. Нездарма на яе вершы напісалі музыку кампазітары М. Пятрэнка, I. Барсукоў, Л. Свердзель

В. Вярба заўсёды з трапяткой павагай адносілася да справы свайго жыцця – паэзіі, узвышаючы той адрэзак часу, калі нараджаецца верш, уздымаючы паэта да экзістэнцыяльнага «творцы часу», пра гэта яна піша з упэўненасцю: «Я веру, што жыццё прадбачыць // І прадчувае лёс паэт...» І гэта не проста жаночая інтуіцыя, а паэтычны прагнастыцызм, заснаваны на глыбокім разуменні чалавека, жыцця і часу з пазіцый вечнага і вечнасці. У В. Вярбы «...кожны верш мой, нават слова – // Мой час, мой дзень, мой боль і хлеб». Вера Вярба не аставіла аўтабіяграфіі, яна «знікла» са старонак «свецкіх хронік» і перастала пісаць вершы яшчэ задоўга да таго, як пайшла з жыцця. Магчыма, ёй хацелася застацца ў памяці нашчадкаў вечна маладой і прыгожай. Яна аставіла для сваіх чытачоў наказ: «Дык будзьце ж у строгай важнасці // Да шчырасці ласкавей. // Чакайце, чытайце ўважліва, // Як пісьмы, вершы мае».

Лірычная творчасць Веры Вярбы – гэта высокамастацкі феномен, тайну якога даследчыкам паэзіі неабходна паспрабаваць раскрыць.

Пра значнасць беларускай паэзіі Веры Вярбы ў культурнай прасторы сведчаць пераклады яе твораў на іншыя мовы свету як блізкага, так і далёкага замежжа: на балгарскую, польскую, чэшскую, рускую, украінскую, латышскую, грузінскую, узбекскую і іншыя мовы свету.


Зноскі

  1. Верба Вера // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 110. — 737 с.
  2. http://philology.bsu.by/by/
  3. https://www.bsu.by/
  4. http://www.zviazda.by/be/edition/litaratura-i-mastactva

Літаратура

  • Вярба Вера // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.
  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
  • «Дажджлівых раніц пазалота…»: Вера Вярба // Бельскі, А. І. Беларуская літаратура XX стагоддзя: гісторыя і сучаснасць / А. І. Бельскі. — Мн., 2005. — С. 136—143.
  • Гайдук С. Пачатак з канца, ці Чаму Вера Вярба працягвае жыць у нашых сэрцах// Літаратура і мастацтва. — 2012. — 24 жніўня. — № 34. — С. 5.
  • [Пісьменнікі і паэты Беларусі]
The contents of this page are sourced from Wikipedia article. The contents are available under the CC BY-SA 4.0 license.
Menu Vera Vjarba

Basics

Introduction

Біяграфічныя звесткі

Псеўданiм

Творчасць

Зноскі

Літаратура

Lists

Also Viewed

Lists
Vera Vjarba is in following lists
comments so far.
Comments
From our partners
Sponsored
Credits
References and sources
Vera Vjarba
arrow-left arrow-right instagram whatsapp myspace quora soundcloud spotify tumblr vk website youtube pandora tunein iheart itunes