Vera Bartul
Quick Facts
Biography
Вера Бартуль (дзявочае прозвішча Касцюкевіч; 22 лістапада 1930, в. Губічы Рагачоўскага павета Гомельскай губерні, цяпер Буда-Кашалёўскі раён Гомельскай вобласці — 24 красавіка 2006, Нью-Ёрк) — дзяячка беларускай эміграцыі, мадэль, кансультантка-куцюр’е.
Пачатак мадэльнай дзейнасці
У 1947 годзе ў дзяцінстве разам з сям’ёй пераехала ў Вялікабрытанію, дзе спачатку працавала ў шпіталі і вучылася ў медычнай школе. У 1949 годзе пабралася шлюбам з Францішкам Бартулем. Скончыла школу дэманстрацыі моды, каб працаваць мадэллю і кансультанткай-куцюр’е.
У 1956 годзе разам з мужам пераехала ў ЗША. Найбольшага поспеху як мадэль дасягнула, дэманструючы футровую вопратку. Пазней працавала менеджаркай у кампаніі мод. Яе працы дэманстраваліся ў найлепшых крамах у Нью-Ёрку, Сан-Францыска, Лос-Анджэлесе, Чыкага.
Палітычная дзейнасць
Вера стварыла сцэнічныя ўборы для славутага на эміграцыі танцавальнага гурта «Васілёк», разам з якім упершыню пасля доўгага расстання наведала Беларусь, а потым шмат разоў прыязджала сюды як сяброўка арганізацыі «CitiHope», што дапамагала ахвярам Чарнобыля. Збірала сродкі на падтрымку вяртанцам з ГУЛАГу. Сярод тых, хто атрымліваў гэтую дапамогу, былі Ларыса і Янка Геніюшы, Юрка і Лявон Луцкевічы.
Была старшынёй Жаночага Згуртавання / Секцыі БАЗА, сяброўкай Управы Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА. Як адна з кіраўнічак жаночае структуры БАЗА найбольш спрыяла дапамозе суродзічам у Еўропе, найперш на Беласточчыне.
Выкладала беларускую мову і гісторыю ў беларускай дапаўняльнай школе ў Брукліне. Спявала ў самадзейнасці, у тым ліку ў жаночым секстэце «Гоман». Скарыстоўваючы свой прафесійны досвед, была арганізатаркай шэрагу публічных паказаў беларускіх народных строяў, у тым ліку на святкаванні 50-х угодкаў БАЗА (1999). Таксама збірала сродкі на выданне кружэлак Данчыка, на Беларускі музей у Гайнаўцы.
У 1993 годзе брала ўдзел у І з’ездзе беларусаў свету ў Мінску.
Да апошніх дзён жыцця Вера Бартуль з’яўлялася кіраўніцай Нью-Ёркскай суполкі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, а таксама старшынёй Беларуска-Амерыканскай жаночай арганізацыі — BAWA (Belarusian American Women Association).
Крыніцы
Спасылкі
- Імёны Свабоды: Вера Бартуль
- Беларуская цывілізацыя ў Амэрыцы : Пяцьдзясят гадоў Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (1949—1999). Падзеі. Дакумэнты. Успаміны. Персаналіі. = Źmicier Saŭka. Belarusan Civilization in America : Fifty years of Belarusan American Association (1949—1999) / Зьміцер Саўка; рэдактар Наталля Гардзіенка; прадмова Лявон Юрэвіч. — Мінск : Кнігазбор, 2019. — 604 с. : [12] с. іл. (Бібліятэка Бацькаўшчыны; кніга 38). ISBN 978-985-7207-69-5.