Vasil Markevich
Quick Facts
Biography
Васіль Пятровіч Маркевіч (нар. 12 красавіка 1958, в. Рудаўка, Слонімскі раён, Гродзенская вобласць) — беларускі гаспадарчы і палітычны дзеяч. Генеральны дырэктар ААТ «Птушкафабрыка „Дружба“» (2003—2022).
Біяграфія
Скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут па спецыяльнасці «заатэхнія». Служыў у Савецкай арміі.
З 1980 года працаваў на бройлернай птушкафабрыцы «Дружба» Баранавіцкага раёна агентам-экспедытарам, брыгадзірам, начальнікам бройлернага цэха, начальнікам цэха бацькоўскага статку і рамонтнага маладняку, выканаўцам абавязкаў галоўнага заатэхніка — намесніка дырэктара, намеснікам дырэктара — галоўным заатэхнікам, выконваючым абавязкі дырэктара, дырэктарам.
У 2003 годзе прызначаны генеральным дырэктарам адкрытага акцыянернага таварыства «Птушкафабрыка „Дружба“» Баранавіцкага раёна. Зняты з пасады ў жніўні 2022 года.
Выбіраўся дэпутатам Баранавіцкага раённага Савета дэпутатаў 26 і 27-га скліканняў і дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў 26 і 27-га скліканняў.
Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 6-га і 7-га скліканняў ад Брэсцкай вобласці. Уваходзіў у пастаянную камісію па эканоміцы, бюджэце і фінансах. Паўнамоцтвы члена Савета Рэспублікі былі спынены ў кастрычніку 2022 года.
Узнагароды і званні
- Медаль «За працоўныя заслугі» (15 мая 2008).
- Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (4 верасня 2013).
- Ордэн Працоўнай Славы (26 лютага 2021).
- Ганаровы грамадзянін Баранавіцкага раёна.
- Нагрудны знак «За заслугі ў сельскай гаспадарцы».
- Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
- Ганаровыя граматы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскага аб’яднання «Белптушкапрам», камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама.