peoplepill id: ulyana-yamantavich-padbyareszskaya
UY
1 views today
1 views this week
Ulyana Yamantavich-Padbyareszskaya

Ulyana Yamantavich-Padbyareszskaya

The basics

Quick Facts

Work field
Gender
Female
Family
Father:
Fyodar Yamantavich-Padbyarezski
Children:
Hrehory Jackiewicz Podbereski
The details (from wikipedia)

Biography

Ульяна Фёдараўна Ямантавіч-Падбярэзская (1480-я — паміж лістападам 1555 і 26.5.1556) — ігумення Полацкага Спаскага манастыра.

З роду князёў Ямантавічаў на Падбярэззі, дачка князя Фёдара і княгіні Соф’і. У першыню згадваецца ў духоўнай грамаце (тастаменце) сваёй маці ад 20.10.1509 года, напэўна, была ўжо паўналетняя, але не яшчэ не замужам. Неўзабаве ўзяла шлюб з полацкім баярынам, канюшым гарадзенскім Міхаілам Сенькавічам з роду Радковічаў, але Міхаіл памёр у 1511—1512 гадах і Ульяна ўзяла другі шлюб — з яго братам Яцкам Сенькавічам. Паводле царкоўнага права, шлюб з братам мужа некананічны, але ці ведалі пра гэта сужэнцы і ці ведаў святар, які асвячаў шлюб, што другі муж братам першага, не вядома. У Ульяны і Яцкі было трое сыноў — Рыгор, Іван і Сямён.

Праблемы з кананічнасцю шлюбу выявіліся да 1518 года, мітрапаліт Іосіф Солтан прызнаў яго незаконным і скасаваў, дзяцей аднак прызнаў законнымі і адзначыў, што яны захоўваюць права спадчыны па бацьку і яго прозвішча, паводле закона дзеці забароненых шлюбаў такіх правоў не мелі, але менавіта гэты шлюб, хоць і памылкова, але быў асвечаны. Пляменнікі абодвух мужоў Ульяны — Яцка Багданавіч, Андрэй і Рыгор Івашкавічы, таксама прызналі яе сыноў сваімі стрыечнымі братамі і сынамі дзядзькі. Усё гэта на просьбу самога Яцкі Сенькавіча прывілеем ад 30.10.1518 года прызнаў законным і вялікі князь Жыгімонт Стары.

Неўзабаве, да 27.6.1522 года, Яцка Сенькавіч памёр і іншыя сваякі — пляменніца Олюхна Івашкаўна і сястрынец (пляменнік па сястры) князь Сямён Адзінцэвіч, вырашылі выкарыстаць няпэўны станам яго сыноў, заявілі пра іх «невянчальнасць, няправасць» і таму маёнткі іх бацькі «бліжэй» Олюхне і князю Сямёну. Сітуацыю ўскладняў нявызначаны сацыяльны і маёмасны статус разведзенай жанчыны ў заканадаўстве. Таму Уляна звярнулася да гаспадара па пацвярджэнне ранейшага яго ж прывілея. Кароль Жыгімонт Стары даручыў разгляд справы ужо новаму мітрапаліту Іосіфу Русіну. Мітрапаліт быў полацкім баярынам і перад мітраполіяй архіепіскапам полацкім, добра ведаў гісторыю справы і яго вырак цалкам паўтараў вырак мітрапаліта Іосіфа Солтана. Прывілеем ад 27.6.1522 года кароль Жыгімонт Стары пацвердзіў і ранейшае сваё рашэнне і выракі абодвух мітрапалітаў. Да таго часу, адзін з сыноў Ульяны — Сямён, памёр і прывілей адрасаваны Рыгору і Івану Яцкавічам.

Далей, як адзначае Васіль Варонін, Ульяна добра разабралася ў праве, або карысталася паслугамі знаўцаў, пазней ва ўсіх вядомых цяпер справах выступае пазоўніцай. Ульяна звярнулася да караля, каб усе прэтэнзіі да сыноў былі адкладзены да іх паўналецця, бо паводле закона не можа выступаць за іх у судзе, і каб гаспадар абараніў яе з сынамі і іх маёмасцю. У прыватнасці такім чынам яна спрабавала абараніцца ад прэтэнзій князя Сямёна Адзінцэвіча на маёнтак Сямёнаўскае і полацкага ваяводы Пятра Кішкі на маёнтак Магільнае ў Полацкім павеце. Гаспадар прызначыў Ульяне апекуна — віцебскага ваяводу Івана Сапегу, выбар быў не самы ўдалы праз канфлікт Сапегі з каралевай Бонай, Ульяне давялося ездзіць у Кракаў, каб дамагчыся хоць якога выніку.

У 1528 годзе Жыгімонт Стары, пасля працяглай адсутнасці ў Княстве, прыехаў у Вільню і Ульяна зноў звярнулася па яго падтрымку. Аказалася, полацкі ваявода Пётр Кішка так і не вярнуў ёй Магільнае, а забраў яшчэ і Пагост, а князь Сямён Адзінцэвіч не вярнуў Сямёнаўскае, не гледзячы на ўсе загады гаспадара. Жыгімонт зноў загадаў вярнуць ёй усе маёнткі. Ульяна ўзняла свае пытанні перад гаспадаром і панамі-радай у Вільні на вальным сойме 3.11.1528 года, яна абвінавачвала князя Сямёна Адзінцэвіча, а ён на сойме паўтарыў сцверджанне, што сыны Ульяны і Яцкі Сенькавіча незаконныя. Ульяна паклала перад панамі-радай вырак канстацінопальскага патрыярха Іераміі, які на запыт Рыгора і Івана Яцкавічаў пацвердзіў выракі абодвух мітрапалітаў Іосіфаў і каралеўскія прывілеі адносна іх справы, што яны ёсць законныя дзеці і спадчыннікі свайго бацькі. Князь Сямён Адзінцэвіч у адказ заявіў, што будзе аспрэчваць і вырак канстанцінопальскага патрыярха. Вырак гаспадара і паноў-рады, аднак, быў адназначны, яны прызнавалі Рыгора і Івана Яцкавічаў законнымі сынамі і спадчыннікамі бацькі, а таксама моц выракаў мітрапалітаў, патрыярха і прывілееў гаспадара, усім астатнім загадана было вечна маўчаць наконт гэтай справы і пакінуць Ульяну і яе сыноў у спакоі.

На Попіс 1528 года «пані Міхайлавая Сяньковіча» ставіла 14 «коней», такім чынам, маёмасна належала да найбольш значных землеўласнікаў Полацкага павета.

Рэха справы трывала яшчэ пэўна час, пакуль Ульна праз суды замацоўвала правы сваіх сыноў на бацькавы маёнткі. На яе просьбу кароль асобным прывілеем ад 2.3.1529 года зноў пацвердзіў правы Рыгора і Івана Сенькавічаў «на вечнасць» на маёнткі бацькі, а таксама роду Сенькавічаў агулам. Як адзначае В. Варонін, Ульяна мела вялікі ўплыў на сваіх сыноў, у сталым ужо ўзросце яны ў судовых справах выступалі разам з маці як адзіны суб’ект прававых адносін.

У сакавіку 1534 года Ульяна з сынамі зноў судзілася з Пятром Кішкам за маёнткі Селядцова і Асвею, але гэта ўжо была звычайная спрэчка, магчыма, з-за межаў маёнткаў і чым яна скончылася невядома. У чэрвені 1537 года правяла размежаванне сваіх маёнткаў Обальцы, Дохнары і Прасяменец ў цэнтральнай частцы Полацкага павета з суседзямі — Міхаілам Стражом і Савам Бярнішчавым. На думку В. Вароніна, жыццёвы досвед давёў Ульяне пільнае стаўленне да маёмасных спраў.

У канцы 1530-х гадоў вырашыла пайсці ў манастыр. Гаспадарскі ліст ад 29.11.1539 года паведамляе, што баярыня Міхайлавая Сяньковіча атрымала ігуменства Спаскага манастыра, адзначана, што ў гэтым за яе прасілі полацкі ваявода Ян Глябовіч, архіепіскап Сімяон і баяры. На думку В. Вароніна, Ульяна мела немалы аўтарытэт у гэтым асяроддзі, вядомай яна была і пры двары, што дапамагло атрымаць нагэтулькі пачэсны «хлеб духоўны». Пэўны час Ульяна яшчэ пісалася ў дакументах як «полацкая баярыня пані», напэўна, пастрыглася не адразу, што і не было абавязковым, свецкія асобы маглі трымаць манастыры.

У 1540 годзе памёр брат Ульяны — князь Сямён Ямантавіч-Падбярэзскі, дзяцей ён не меў і сястра была адзінай спадкаемкай прынамсі 2/3 яго маёнткаў. Да 1/3 магла атрымаць бяздзетная ўдава, калі гэтую частку ёй «у вена» запісаў муж. Калі б муж запісаў у вена меней, удава атрымлівала менавіта запісанае, калі не запісаў нічога — 1/3 мужавых маёнткаў пажыццёва, або да новага шлюбу, тады і гэтая 1/3 мусіла вярнуцца роду мужа-нябожчыка. Удава князя Сямёна Ямантавіча — княгіня Фядора Багданаўна з Заслаўскіх, пасля смерці мужа затрымала за сабой усе яго маёнткі, а 2.1.1541 года таемна ўзяла шлюб з сынам князя Сямёна Адзінцэвіча — Андрэем. Пані Ульяна даведалася пра гэты шлюб амаль адразу, ад святара, які вянчаў у Басяі княгіню Фядору і князя Андрэя. Магчыма, асоба новага нявестчынага мужа актывізавала дзеянні Ульяны, таксама, магчыма, яна лічыла, што брат не запісаў вена жонцы, або запісаў меней за 1/3 маёнткаў, і пасля шлюбу Фядора страціць усё або амаль усё. Неўзабаве княгіня Фядора з Заслаўскіх атрымала позву гаспадарскага суда, а 22.2.1541 года ўжо другую позву. Суд паноў-рады мусіў адбыцца 16.3.1541 года, Ульяна з сынамі стала на яго, а Фядора назвалася хворай. Ульяна пакінула сваю позву ў судзе, каб яе ўпісалі ў судовыя кнігі, а слуга Фядоры скраў яе. Ужо 19.3.1541 года гэта стала вядома суду праз Рыгора Яцкавіча, княгіня Фядора адмовілася ад слугі, сказаўшы, што ён дзейнічаў па сваёй волі, але вымушана была даць суду сваю позву і яна была такі запісана ў судовыя кнігі.

Таксама княгіня Фядора і князь Андрэй Адзінцэвіч пагражалі святару, аднак Ульяна схавала яго ў Спаскім манастыры сярод сваіх слуг. Урэшце, настаяннем Ульяны і полацкага архіепіскапа Сімяона, святар даў паказанні суду, які на просьбу Уляны прызначыў вялікую заруку за магчымыя спробы пераследу сведкі. Апошняе пасяджэнне суда паноў-рады адбылося 25.6.1541 года, Ульяна з сынамі патрабавала ад княгіні Фядоры ўсе маёнткі і нерухомую маёмасць мужа-нябожчыка. Аднак, аказалася, князь Сямён Ямантавіч запісаў у вена жонцы 1/3 сваіх маёнткаў яшчэ 20.11.1533 года, прычым ацаніў іх вялікай сумай 1000 коп грошаў. У вена ўвайшлі асноўныя маёнткі князя Сямёна — сяло Падбярэззе, частка воласці Басея, частка Друцка, таксама князь пазначыў, што з гэтымі маёнткамі Фядора можа пайсці замуж у выпадку яго смерці. Напэўна, гэта было нечаканасцю для Ульяны, яна спрабавала аспрэчыць суму, але суд прызнаў вяноўны запіс князя Сямёна законным і прызначыў раздзел маёнткаў праз чатыры тыдні. Ульяна не аспрэчвала вырак, але заявіла пра намер выкупіць частку Фядоры. Пэўна не вядома як далей развівалася справа, але пазней гэтыя маёнткі належалі Рыгору і Івану Яцкавічам, то бок, былі выкуплены да ці пасля падзелу.

Неўзабаве, 5.5.1542 года, Ульяна перадала свае маёнткі сынам, адмовілася ад спадчынных правоў на іх. Рыгор і Іван далі маці пажыццёва сёлы Дохнары, Обальцы і Прасяменец у Полацкім павеце. У гэтым дакуменце сыны ўжо называюцца Падбярэзскімі.

Пра дзейнасць Ульяны як ігуменні Спаскага манастыра амаль нічога не вядома. Аднак, яна была данатаркай, напрыклад запісала трох «чалавек» у сваім сяле «на Обалі» полацкаму Міхайлаўскаму Гарадзецкаму манастыру. На думку В. Вароніна, ахвяруючы іншым Ульяна не абышла і свой манастыр, паводле рэвізіі 1552 года і Спаскі манастыр меў сяло «на Обалі», напэўна, яе наданне. Спаскі манастыр быў буйнейшым, багацейшым і бадай вядомейшым полацкім манастыром. Яшчэ пры жыцці Ульяны, іншыя асобы звярталіся да гаспадара з просьбай надання ігуменства па яе смерці, 8.7.1551 года вялікі князь Жыгімонт Аўгуст выдаў прывілей полацкай баярыні Федзі Галянчанцы, жонцы двараніна гаспадарскага Цішы Быкоўскага, якая паведамляла што ігумення «ужо ёсць у старасці гадоў сваіх і ў нямалай хваробе». Аднак Федзя Галянчанка памерла раней за Ульяну Падбярэзскую. Тады на просьбу свайго двараніна Міхаіла Мышкі вялікі князь Жыгімонт Аўгуст 18.1.1554 года даў прывілей на манастыр па смерці Ульяны яго маці Ганне Храбтоўне.

Ульяна 23.6.1555 года запісала свае маёнткі Дохнары, Обальцы і Прасяменец «на вечнасць» сыну Івану Яцкавічу, у пераказе гэтага дакумента адзначалася, што зрабіла яна гэта «перад сваім з гэтага свету зыходам». Напэўна, гэта была духоўная грамата (тастамент), але цалкам яе змест не вядомы, магчыма, паводле яе частку маёмасці атрымаў і другі сын — Рыгор. З ліста Жыгімонта Аўгуста ад лістапада 1555 года вядома, што Ульяна сама «дзеля старасці гадоў сваіх» пакінула ігуменства і яго атрымала Ганна Храбтоўна, як прадугледжваў ранейшы прывілей. Памерла да 26.5.1556 года, калі згадваецца як нябожчыца ў судовым акце паноў-рады у справе Івана Яцкавіча.

Зноскі

Літаратура

  • Tęgowski Jan Kilka słów o rodowodzie kniaziów Jamontowiczów Podbereskich w świetle nowych źródeł // Zapiski Historyczne. Poświęcone Historii Pomorza i Krajów Bałtyckich. — Tom LXXX, Rok 2015, Zeszyt 3. — S. 39-50;
  • Воронин В. А. Ульяна Подберезская: история жизни // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы : науч. сб.. — Минск: РИВШ, 2017. — В. 10. — С. 87—104.
The contents of this page are sourced from Wikipedia article. The contents are available under the CC BY-SA 4.0 license.
Lists
Ulyana Yamantavich-Padbyareszskaya is in following lists
comments so far.
Comments
From our partners
Sponsored
Credits
References and sources
Ulyana Yamantavich-Padbyareszskaya
arrow-left arrow-right instagram whatsapp myspace quora soundcloud spotify tumblr vk website youtube pandora tunein iheart itunes