Stefan Niezabytowski
Quick Facts
Biography
Стэфан Прэцлаў Незабытоўскі (польск.: Stefan Niezabytowski; 15 снежня 1783 — 15 чэрвеня 1849, Парыж) — польскі і літоўскі ваенны дзеяч, удзельнік паўстання 1830—1831 гадоў.
Біяграфія
Са шляхецкага роду Незабытоўскіх герба «Любіч». Сын Яна Незабытоўскага, харунжага літоўскіх войск. Меў брата Якуба.
З 21 лютага 1812 года — падпаручнік 1-га швадрона 8-га ўланскага палка Княства Варшаўскага, што быў сфарміраваны коштам Дамініка Радзвіліла і ваяваў на баку Напалеона. Пасля паразы Французскай імперыі перайшоў на службу ў армію новаўтворанага Каралеўства Польскага. У 1819 годзе — падкаморы Навагрудскага павета. У 1820 годзе — паручнік войск польскіх. Пасля дэмабілізацыі жыў у маёнтку Свіслач, быў губернскім сакратаром. Падчас Лістападаўскага паўстання 1830—1831 гадоў стаў на чале паўстання ў Слонімскім павеце, прызначаны капітанам Навагрудскай кавалерыі і 13-га ўланскага палка, што быў утвораны з 3-га швадрона 13-га ўланскага палка Каралеўства Польскага. Адышоў разам з польскімі рэгулярнымі часцямі на чале з Генрыкам Дэмбінскім да Варшавы, атрымаў дыплом «Добра заслужаны Айчыне», а 15 верасня 1831 года — Залаты крыж пад № 2697.
Перайшоў прускую мяжу, дзе 5 кастрычніка 1831 года быў інтэрніраваны. З 1833 года жыў у Францыі, спачатку ў Мецы, са жніўня ў Трыезе, а пазней — у Парыжы, з красавіка 1834 года працаваў каміваяжорам.
З 1838 года — сябра Гісторыка-літаратурнага таварыства. 22 мая 1841 года стаў адным з арганізатараў Таварыства бацькоў польскіх сем’яў у эміграцыі.
Пахаваны на могілках Монмартра ў Парыжы.
Літаратура
- Швед, В. В. Незабытоўскі Стэфан (Сцяпан, Эцьен) Янавіч // Масоны і ложы на землях Беларусі (канец XVIII — першая чвэрць XIX ст.) : біябібліягр. слоўн.. — Гродна: ГрДУ, 2007. — 275 с. — ISBN 978-985-417-866-0.
Спасылкі
- Стэфан Незабытоўскі на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»