Samuel Helberh
Quick Facts
Biography
Самуіл Іосіфавіч Гельберг (27 кастрычніка 1898 — 28 студзеня 1992) — вучоны, мікрабіёлаг, доктар медыцынскіх навук (1956), прафесар (1959).
Біяграфія
С. І. Гельберг нарадзіўся ў горадзе Дубна Валынскай губерні (зараз у Ровенскай вобласці Украіны). У 1918 годзе скончыў гімназію і паступіў на медыцынскі факультэт Кіеўскага медыцынскага інстытута, які скончыў у 1923 годзе. Прайшоў стажыроўку па хірургіі, тэрапіі і акушэрству і паступіў на шасцімесячныя курсы спецыялізацыі па мікрабіялогіі пры Кіеўскім інстытуце ўдасканалення ўрачоў. Са студзеня 1924 г. (па запрашэнні Б. Я. Эльберта) пачаў працаваць у Мінскім санітарна-бактэрыялагічным інстытуце, займаўся вырабам вакцыны супраць шаленства. Пасля стажыроўкі пад Масквой у Цэнтральным дзяржаўным воспапрывівацельным інстытуце стварыў у Навінках пад Мінскам воспенны аддзел санітарна-бактэрыялагічнага інстытута і наладзіў выраб вакцыны супраць воспы. У 1926 годзе прызначаны намеснікам дырэктара Беларускага мікрабіялагічнага інстытута па сываратачнай справе. Адначасова ў 1926—1928 гг. асістэнт кафедры гігіены, у 1931—1934 гг. кафедры мікрабіялогіі Мінскага медыцынскага інстытута. З 1934 г. С. І. Гельберг у Маскве — загадчык эксперыментальным аддзелам клінічнага туберкулёзнага санаторыя № 1 УСЦПС, у 1931—1941 гг. прыват-дацэнт кафедры туберкулёзу Цэнтральнага інстытута ўдасканалення ўрачоў. У ліпені 1941 г. быў накіраваны ў Кіславодск, дзе ўзначаліў цэнтральную бактэрыялагічную лабараторыю па ранавых інфекцыях эвакашпіталя № 2042. Пасля эвакуацыі ў горад Фрунзе (сучасны Бішкек), стварыў і ўзначаліў аддзел асабліва небяспечных інфекцый Кіргізскага інстытута мікрабіялогіі, эпідэміялогіі і гігіены. У 1944—1959 гг. на пасадзе загадчыка кафедрай мікрабіялогіі Кіргізскага медыцынскага інстытута. У 1958—1959 гг. адначасова намеснік дырэктара па навуцы Кіргізскага НДІ туберкулёзу.
З 1959 года С. І. Гельберг ў Гродзенскім медыцынскім інстытуце. Тут ён арганізаваў і ўзначаліў кафедру мікрабіялогіі, якой кіраваў да выхаду на пенсію ў 1973 годзе.
Памёр С. І. Гельберг 28 студзеня 1992 г. Пахаваны ў Гродне.
Навуковая дзейнасць
С. І. Гельбергу належаць навуковы працы па мікрабіялогіі мікрабактэрый, туберкулёзе, воспе, ранавых інфекцыях, удасканаленню вакцынацыі вакцынай БЦЖ. У 1921 годзе прыгатаванай ім вакцынай была праведзена першая ў Беларусі прышчэпка дзіцяці супраць воспы.
У 1960 годзе стварыў студэнцкае навуковае таварыства Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута, якім кіраваў да 1972 года. У 1961—1968 гг. быў старшынёй праўлення Гродзенскага абласнога таварыства гігіеністаў, эпідэміёлагаў, мікрабіёлагаў і інфекцыяністаў.
Пад кіраўніцтвам С. І. Гельберга абаронены 24 кандыдацкія і 4 доктарскія дысертацыі.
Сярод апублікаваных прац:
- БЦЖ в профилактике туберкулёза. — Фрунзе, 1970. (разам з Я. А. Фінкелем).
Узнагароды
- Медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
- Медаль «У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна»
- Значок «Выдатніку аховы здароўя» (тройчы)
- Ганаровыя граматы Прэзідыума Вярхоўнага Савета Кіргізскай ССР і Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР
Зноскі
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997.
- ↑ Профессор С. И. Гельберг — основатель кафедры микробиологии (к 120-летию со дня рождения)(руск.) // Газета Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта «Эскулап», № 8 (225) 30 лістапада 2018 г.
- ↑ История Кафедры микробиологии, вирусологии и иммунологии имени С. И. Гельберга(руск.) // Сайт ДУА «Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт»
Літаратура
- Гельберг Самуіл Іосіфавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — 576 с.: іл. ISBN 985-11-0090-0 (т. 5), ISBN 985-11-0035-8 — С. 143.
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ ім. Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз. — С. 29.
- Самуил Иосифович Гельберг (к 90-летию со дня рождения) // Здравоохранение Белоруссии. — 1989. — № 4. — С. 74—75.(руск.)
Спасылкі
- История Кафедры микробиологии, вирусологии и иммунологии имени С. И. Гельберга(руск.) // Сайт ДУА «Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт»
- Профессор С. И. Гельберг — основатель кафедры микробиологии (к 120-летию со дня рождения)(руск.) // Газета Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта «Эскулап», № 8 (225) 30 лістапада 2018 г.