Samuel Dobrogost Bonawentura Bychowiec
Quick Facts
Biography
Самуэль Дабрагост Банавентура Быхавец (? — 3 кастрычніка 1709) — ураднік Вялікага Княства Літоўскага.
Біяграфія
Паходзіў са шляхецкага роду Быхаўцаў герба «Магіла». Сын Яна Янушавіча Быхаўца, стольніка віцебскага і Крыстыны Войны, адзінай дачкі ваўкавыскага харужага Лукаша Андрэевіча Войны.
Cамуэль Дабрагост Банавентура Быхавец быў спярша падчашым менскім (1676 г.) і старостай люцынскім (1678 г.), пазней — стольнікам менскім (1698 г.).
Ён першым з Быхаўцаў у канцы ХVІІ ст. пераехаў у Ваўкавыскі павет з Менскага ваяводства — паводле вячыстага запісу маці ад 20 студзеня 1676 г. Самуэль Дабрагост атрымаў тут маёнтак Лыскава. Дзякуючы падзелу 19 мая 1685 г. палова Лыскава належала яго брату ад другога шлюбу маці Якубу Дамініку Кунцэвічу, ваяводзічу берасцейскаму. Але ў 1690 г. Самуэль Дабрагост валодаў ужо ўсім лыскаўскім маёнткам з мястэчкам Лыскава, з жыдамі, з карчмой і двума млынамі (33 дымы), з Лыскаўскай воласцю (60) — усяго 93 дымы. Менавіта Самуэль Дабрагост заснаваў лыскаўскую паперню.
24 кастрычніка 1695 г. у Лыскаве Самуэль Дабрагост Быхавец, староста люцынскі склаў кантракт з гарадзенскім мулярам Балтрамеем Гадэвічам на пабудову ў двух яго лыскоўскіх дамах склепа, коміна, печы і выбрукоўку сяней за 150 злотых польскіх і пракорм.
Таксама ў Лідскім павеце Самуэль Дабрагост валодаў жончыным маёнткам Глыбокае з вёскамі Раганічы, Галоўцы, Ляхаўцы і Савічы — усяго 31 дым. Акрамя гэтага з матчыных маёнткаў жонкі Шацк у Менскім і Рагачы ў Берасцейскім ваяводствах. У Горадні Самуэль Дабрагост валодаў дваром на вуліцы Залатой. Ён быў на пляцы, купленым 10 чэрвеня 1691 г. у ксяндза Паўла Хмялеўскага, Яна Гамоцкага і яго жонкі Марыяны Дзіваўны за 1100 злотых.
Некалькі разоў Самуэль Дабрагост Быхавец асуджаўся на баніцыю (кару выгнання з краю). Як сведчыць баніцыйны ліст караля польскага і вялікага князя літоўскага Яна ІІІ Сабескага ад 15 сакавіка 1689 г., першы раз — па справе са Стэфанам Багушэвічам, падчашым аршанскім. Яго разам з Юрыем Лукомскім, войскім віцебскім, войтам менскім і Станіславам Клакоцкім суд задворны асэсарскі «яко вечных банитов на инфамию, на горло и на лапане… на вечное зо всих земль и панств нашых выволане всказал…». Але да выканання выраку справа не дайшла. Тым не менш Самуэль Дабрагост, відаць, па гэтай прычыне выехаў са сваіх маёнткаў Таўкачэвічы і Сяргеевічы Менскага ваяводства ў Ваўкавыскі павет. Другі раз ён быў абвешчаны банітам па справе з Янам Антоніем Сахоцкім, лідскім стражнікам і яго жонкай Канстанцыяй Валішэўскай судовым дэкрэтам ад 30 красавіка 1700 г. Справа цягнулася аж да самай смерці Самуэля Дабрагоста, які памёр 3 кастрычніка 1709 г.
Сям’я
У шлюбе з Крысцінай Дэнгаф, дачкой Яна Дэнгафа, цівуна віленскага, кашталяна віцебскага і Ганны Крышкоўскай, харужанкі віленскай віцебскай. З ёй меў пяць сыноў і дачку. Дзеці:
- Ян Казімір (пам. 1754). Яму бацькі абралі духоўную кар’еру. Ён пачынаў служыць адміністратарам лыскаўскай плябаніі ў 1695 г., потым займаў пасады ксяндза Віленскай дыяцэзіі, з 1712 г. стаў яе канцлерам.
- Уладзіслаў-Тадэвуш (? — 1761), ваўкавыскі стольнік, суддзя гродскі ваўкавыскі, судовы падстараста і суддзя земскі ваўкавыскі, ваўкавыскі маршалак.
- Людвік (? — 1734). Быў у 1720—1734 гг. пісарам скарбовым ВКЛ. Ад жонкі Людвікі Тызенгаўз меў адзіную дачку Ружу (Разалію). Валодаў у ваўкавыскім павеце маёнткам Нядзвецк і часткай бацькаўскага Лыскава. У 1729 г. перадаў брату Уладзіславу дом і надзел у Горадні.
- Міхал (пам. 1726). Памёр бяздзетным.
- Казімір. Памёр бяздзетным.
- Ганна, у шлюбе з Тызенгаўзам.
Зноскі
Літаратура
- Семянчук Г. Быхаўцы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак. А — Я. — С. 91. — 696 с. — ISBN 978-985-11-0487-7 (т. 3), ISBN 985-11-0315-2.