Rastsislau Stefanovich
Quick Facts
Biography
Расціслаў Алегавіч Стэфановіч (нар. 12 мая 1988) — беларускі дызайнер і архітэктар, сябра пашыранага складу Каардынацыйнай рады, палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.
Біяграфія
Скончыў БНТУ па спецыяльнасці «Архітэктурны дызайн». Працаваў па спецыяльнасці, ствараў архітэктурныя праекты і дызайны інтэр’ераў, аўтар шматлікіх праектаў будынкаў у Беларусі і за мяжой, у тым ліку, ВК «Алімпік-Парк», будынкаў ДВА «Белэнерга», кафэ «Масква».
Шмат гадоў захапляецца амерыканскім футболам, больш за 15 гадоў з’яўляецца гульцом каманды «Мінскія Зубры», у складзе якой стаў срэбным прызёрам ЧУ 2009, 2010, і 2011 гадоў, срэбным прызёрам Eastern Cup, чэмпіёнам УЛАФ 2013, УЛАФ 2016, BSL 2016.
У жніўні 2020 года стаў сябрам пашыранага складу Каардынацыйнай рады.
Сям’я
Жонка Крысціну, у сям’і два непаўнагадовых дзіцёнка, дачка Ніколь і сын Марк.
Палітычны пераслед
Расціслаў Стэфановіч быў затрыманы ўвечары 29 верасня 2020, калі паехаў на сустрэчу з іншымі ўдзельнікамі чата. Сустрэча планавалася каля станцыі метро «Уручча», там удзельнікаў чата чакалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа (якія фактычна самі арганізавалі сустрэчу праз акаўнт аднаго з раней затрыманых). «Пасля затрымання мяне завялі ў мікрааўтобус, паклалі тварам у падлогу і наносілі ўдары дубінкай… у вобласць ног і ягадзіц. Мяне білі і адначасова задавалі пытанні… што мы збіраліся падпальваць „Табакеркі“. Усяго нанеслі не менш за 20 удараў. Хтосьці сказаў, што здымуць з мяне штаны, каб згвалціць: штаны пацягнулі, але не знялі» — пазней на судзе сведчыў Стэфановіч. Пры затрыманні Стэфановіч быў збіты, цялесныя пашкоджанні ў яго былі зафіксаваныя ў ІЧУ на Акрэсціна і ў СІЗА на Валадарскага, але судмедэксперт аглядзеў Расціслава толькі праз два месяцы пасля затрымання.
7 кастрычніка шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі ПЭН-цэнтр і Беларуская асацыяцыя журналістаў Расціслаў Стэфановіч быў прызнаны палітычным зняволенным: «дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам».
9 кастрычніка былі выстаўленыя абвінавачванні па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Удзел у масавых беспарадках).
5 лістапада 2020 сімвалічным «хросным» Расціслава Стэфановіча стаў дэпутат Бундэстагу Кай Герынг : «Я заклікаю да неадкладнага і безумоўнага вызвалення і абароны жыцця і здароўя Расціслава Стэфановіча».
Пасля Акрэсціна быў пераведзены ў СІЗА на Валадарскага, пасля ў СІЗА Жодзіна, адтуль зноў у СІЗА на Валадарскага. З СІЗА дасылаў свае малюнкі і вершы.
Суд над удзельнікамі чата (усяго па справе прахадзіла 12 чалавек, Давід Слашчоў знаходзіўся на волі, пасля першага пасяджэння ён з’ехаў з краіны, таму ў СМІ справа мела назву «справа 11 удзельнікаў чата», усе падсудныя, за выключэннем Аляксандра Юрчыка, былі прызнаны палітвязнямі), распачаўся ў чэрвені 2021, паседжанні адбываліся ў Ленінскім судзе Мінска, справу вёў суддзя Дзмітрый Астапенка, дзяржабвінавачанне падтрымліваў старшы памочнік пракурора Ленінскага раёна Аляксандр Рамановіч. Суд праходзіў у напаўзакрытым рэжыме: на яго пускалі не ўсіх ахвочых, слухачоў прымушалі выдаляць аўдыёзапісы з пасяджэнняў. На судзе стала вядома, што мужчын акрамя арт. 293 таксама абвінавачваюць па ч. 3 арт. 218 КК (Наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці, здзейсненыя агульнанебяспечным спосабам альбо якія пацягнулі прычыненне шкоды ў буйным памеры) на падставе таго, што яны нібыта збіраліся пашкодзіць адзін з кіёскаў «Табакеркі». Пры гэтым дырэктар «Табакерак» падчас следства напісаў заяву, што ніякай шкоды прычынена не было і што ён не мае ніякіх прэтэнзій, але абвінавачванні з фігурантаў так і не знялі.
Падчас допытаў абвінавачаных яны звярталі ўвагу на жорсткае затрыманне, парушэнні падчас следчых дзеянняў, фізічны і маральны ціск на допытах, а таксама сведчылі, што іх паказанні першапачаткова былі зафіксаваны пад прымусам. Напрыклад, Дзмітрый Ластоўскі сцвярджаў наступнае: "супрацоўнікі ўзялі мяне за рукі, вывелі да смеццевых кантэйнераў і сказалі: «Калі нічога не скажаш па фактах, мы цябе можам прыстрэліць, нам за гэта нічога не будзе». Другі абвінавачаны, Яўген Прапольскі: «Мне пагражалі, катавалі — білі маім электрашокерам. Добраахвотна я не пісаў заяву». У некалькіх вязняў меліся дакументы, дзе былі зафіксаваны іх траўмы, але суддзя адхіліў гэтыя дакументы, як і сведчанні саміх вязняў пра факты гвалту, ад далучэння да справы, нягледзячы на тое, што доказы, сабраныя з парушэннем закона, не могуць быць прынятыя для разгляду згодна з беларускім заканадаўствам.
Падчас спрэчак бакоў 5 і 6 ліпеня пракурор Рамановіч запрасіў для дзесяці палітвязняў пазбаўленне волі, тэрмінам ад пяці да дзевяці гадоў, у калоніі ўзмоцненага рэжыму. 19 ліпеня 2021 суддзя Астапенка вынес менавіта такія прысуды, як раней запрасіў пракурор, Расціслаў Стэфановіч атрымаў восем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Пасля прысуду Стэфановіч быў пераведзены ў турму № 4 у Магілёве, з сярэдзіны снежня 2021 знаходзіцца ў папраўчай калоніі № 17 у Шклове.