Nina Shydlowskaya
Quick Facts
Biography
Ні́на Шыдло́ўская (нар. 1 студзеня; вёска Баканава, Круглянскі раён, Магілёўская вобласць, Беларуская ССР, СССР) — грамадская дзяячка Беларусі.
Старшыня Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» (з 19 ліпеня 2009 года). Сузаснавальніца кампаніі «Будзьма беларусамі!» (2008).
Біяграфія
Нарадзілася ў сям’і брыгадзіра трактарыстаў і закройшчыцы мужчынскай вопраткі. Выхоўвалася па-беларуску разам з сястрой. Скончыла 8 класаў у беларускамоўнай школе роднай вёскі Баканава Круглянскага раёна (Магілёўская вобласць). Сярэднюю школу скончыла ў Барысаве (Мінская вобласць). Сястра ж засталася ў вёсцы, дзе ўладкавалася кіраўніцай Дома культуры. Маці апошнія гады працавала загадчыцай мясцовай аўтазаправачнай станцыі. Паступіла на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ. Студэнткай пайшла працаваць у Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, дзе яе абралі кіраўніцай справамі. Пад канец 1990-х гадоў навучалася ў Еўрапейскім цэнтры бяспеказнаўства імя Джорджа Маршала (Гарміш-Партэнкірхен, зямля Баварыя, Германія). Пасля навучання працаўладкавалася ў Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». Выйшла замуж за сябра «Белага легіёна» Міраслава Лазоўскага. У 2000-я гады была намесніцай старшыні ЗБС «Бацькаўшчына».
1 кастрычніка 2008 года выступіла каардынатаркай-сузаснавальніцай кампаніі «Будзьма!» разам са старшынёй Рады ЗБС «Бацькаўшчына» Аленай Макоўскай. У той дзень паведаміла: «Цэлы шэраг мерапрыемстваў, якія будуць здзейсненыя падчас кампаніі, прадэманструюць жыхарам Беларусі, што беларуская мова і культура — гэта сучасна, гэта цікава, гэта перспектыўна і гэта запатрабавана сучасным светам». У ліпені 2009 года была старшынёй працоўнай групы падрыхтоўкі 5-га з’езда беларусаў свету. 16 сакавіка 2012 года прадставіла відэапраект «Захапленні» кампаніi «Будзьма беларусамі!», які ўключаў 30 рэпартажаў пра беларускіх музыкантаў. Увесну 2013 года рыхтавала 4-ы фестываль беларускамоўнай рэкламы AD.NAK!, які адбыўся 27 чэрвеня. 14 кастрычніка 2013 года адзначыла: «Фестываль задумваўся для таго, каб беларускамоўнай рэкламы ў нас было болей. Гэта адна з тых сфер, якая ўплывае на свядомасць людзей і нам важна, каб рэклама была на беларускай мове, гэта відавочна. І другі важны для нас момант — беларуская арыентаванасць рэкламы: каб і ў падсвядомасць людзей у тым ліку і праз рэкламу закладалася беларуская канструкцыя. Да ўсяго, мы даем камерцыйным кампаніям інструмент — скарыстаць беларускую мову як адметнасць». Шыдлоўская таксама прыгадала: «мы пачыналі фестываль разам з нашым партнёрам і аднадумцам Сяргеем Скараходам». Яна падкрэсліла: «Найперш у нашую краіну з беларускамоўнай рэкламай прыходзяць буйныя міжнародныя карпарацыі, бо для іх натуральна рабіць прадукт на мове тытульнай нацыі. Яны як бы гавораць: «Мы прыйшлі да вас, але мы свае!» Урэшце Шыдлоўская патлумачыла: «паколькі рэклама ў іх якасная, то яна з’яўляецца ўзорам для нашых кампаній».
29 мая 2015 года прывяла ў якасці поспеху 6-га фестывалю AD.NAK! рост грамадскай падтрымкі рэкламы па-беларуску: «паводле даных сацапытанняў (Міжатлантычная ўстанова продажаў і маркетынгу, 2014) не меней за 60 % жыхароў Беларусі вітаюць беларускую мову ў рэкламе». 2 ліпеня 2015 года ўвайшла ў склад Кансультацыйнай рады сувязі з беларусамі замежжа пры Міністэрстве замежных спраў Беларусі. 15 ліпеня 2017 года на 7-м з’ездзе беларусаў свету міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей падтрымаў яе ў якасці старшыні Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына»: «Мы ўсе розныя. Я згодны са спадарыняй Шыдлоўскай, якая таксама звярнула на гэта ўвагу. У кожнага з нас свой погляд на жыццё краіны. І я лічу гэта нармальным. Я не заклікаю вас спяваць панегірыкі ўладзе, усхваляць кагосьці ці штосьці. У гэтым вы можаце вызначыцца самі. Але кожны з нас можа штосьці зрабіць дзеля нашай галоўнай мэты — умацавання незалежнасці нашай дзяржавы. Гэта патрабуе ад нас аб’яднання перад знешнімі і ўнутранымі выклікамі». 7 ліпеня 2020 года распрацавала і прадставіла з Аленай Макоўскай калекцыю летніх сарафанаў, спадніцаў, хустак і шалікаў па матывах узораў слуцкіх паясоў і карцінаў Язэпа Драздовіча.
Зноскі
Спасылкі
- Старонка ў Фэйсбуку
- Ніна Шыдлоўская (нявызн.), Газета «Новы час» .
- Ніна Шыдлоўская (нявызн.), Газета «Белсат» .
- Ніна Шыдлоўская.Справаздача па дзейнасці ў 2013—2017 гадах (нявызн.), Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» .
- Зміцер Панкавец.Асобы года: Шыдлоўская, Макей, Сапега, Кім (нявызн.), Газета «Наша Ніва» .
- Ніна Шыдлоўская (нявызн.), Кампанія «Будзьма беларусамі!» .