Mikita Naydzionaw
Quick Facts
Biography
Мікі́та Найдзё́наў (нар. 1990, Пінск, Брэсцкая вобласць, БССР) — беларускі паэт і музыка.
Фронтмен гурту Hurma, вядучы радыёшоў «Бульбагіт» на Мінскай хвалі і аўтар шэрагу песень розных артыстаў. Аўтар песень для ўласных музычных праектаў і для іншых выканаўцаў. У 2007 годзе стаў пераможцам Адкрытага моладзевага конкурсу «Дні беларускай і шведскай паэзіі» ў Пінску (Брэсцкая вобласць). У 2015 — уладальнік прэміі «Залаты апостраф» у намінацыі «Дэбют» за найлепшую публікацыю вершаў у часопісе «Дзеяслоў». У 2015 годзе выдаў зборнік 60 вершаў «Развітанцы».
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і рускага, але гадаваўся бяз бацькі. Пазней, у снежні 2016 года прысвяціў песню «Люк, я твой тата» адсутнасці бацькі ў сваім выхаванні. Навучаўся ў школе № 14 Пінска (Брэсцкая вобласць). У дзяцінстве маці аддала Мікіту Найдзёнава ў музычную школу № 2 на гітару. У 2007 годзе перамог на «Днях беларускай і шведскай паэзіі» ў Пінску і ў якасці ўзнагароды падарожнічаў у Швецыю. У 2008 годзе паступіў у Інстытут журналістыкі БДУ, які скончыў у 2013 годзе. У 19 гадоў пачаў пісаць на беларускай і слухаць песні па-беларуску, бо зацікавіўся беларускай літаратурай. Пазней у красавіку 2017 года Мікіта Найдзёнаў адзначаў: «З Някляева практычна для мяне пачыналася беларуская паэзія, ды і беларускае слова наогул». У 2013 годзе паступіў у магістратуру БДУ. У 2014 годзе ўладкаваўся вядоўцам на Радыё «Беларусь». Адначасна быў лідарам музычнага гурта «Хурма». Назву гурта ўтварылі ад скароту імёнаў першых удзельнікаў — Харытон, Уладзімір, Раман, Мікіта і Андрэй. У 2015 годзе паступіў у аспірантуру БДУ.
2 сакавіка 2018 года адзначыў: «Апошнія некалькі гадоў жыву фактычна тым, што працую сонграйтэрам для розных артыстаў. Магу нават сказаць, што паволі беларусізую нашу эстраду». Адначасна працаваў вядоўцам перадачы «Бульбагіт» на радыё «Мінская хваля».
Станам на красавік 2023 года знаходзіўся ў СІЗА Жодзіна, імаверна за ўдзел у пратэстах 2020 года. У ліпені 2023 года Найдзёнава прысудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі» па артыкуле 342 КК РБ.
Творчасць
У 16 гадоў пачаў пісаць песні і выступіў гітарыстам з гуртам «Чубіньё» на Дні моладзі ў Пінску. У 2007 годзе 17-гадовым юнаком перамог на «Днях беларускай і шведскай паэзіі», якія ладзіліся ў Пінску. 15 верасня 2013 года выступіў з акустычнай праграмай «Упасці» ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь з нагоды Дня горада. 12 ліпеня 2013 года ў перадачы «Наша раніца» на «Агульнанацыянальным тэлебачанні» паведаміў, што адну з яго песень сталі ставіць на 20 радыёстанцыях Расіі, а таксама на адной радыёстанцыі Чыкага ў ЗША. У 2013 годзе яго музычны гурт «Хурма» атрымаў галоўную ўзнагароду фестывалю «Такія пернікі» і перамог на «Песні года», якую ладзіць «Агульнанацыянальнае тэлебачанне», у намінацыі «Беларускамоўны хіт». 3 снежня 2013 года гурт «Хурма» стаў пераможцам 1-га туру відэачарту «Тузіна гітоў» з кліпам «Давай на раз, два, тры».
У студзені 2014 года ўпершыню размясціў цыкл вершаў у часопісе «Маладосць». 14 лютага 2014 года абнародаваў свае вершы ў газеце «Літаратура і мастацтва». 24 лютага 2014 года чэмпіёнка 14-га Сусветнага чэмпіянату па вакале Дыяна Громава прадставіла 1-ю беларускамоўную песню «Адкажы» на верш Найдзёнава. 28 мая 2014 года ў клубе «Піраты» прадставіў сваю песню «Птушка» ў складзе гурта «Хурма». 28 мая 2014 года спявак Зміцер Нікановіч прадставіў у 16-м аўдыёчарце «Тузіна гітоў» песню «Ніколі», якую напісаў Найдзёнаў. Пагатоў, Нікановіч перамог з гэтай песняй у 17-м аўдыёчарце «Тузіна гітоў». 6 жніўня 2014 года гурт «Хурма» прадставіў відэакліп на песню «Хопіць ламаць камедыю», якой Мікіта Найдзёнаў зняўся са спявачкай Верай Зверавай. Пастаўношчыкам кліпу выступіў Рыгор Пасрэднік. У лістападзе 2014 года дэбютная нізка вершаў выйшла ў часопісе «Дзеяслоў». У лютым 2015 года выдаў другі цыкл вершаў у часопісе «Маладосць».
9 лютага 2015 года 24-гадовым маладзёнам атрымаў прэмію «Залаты апостраф» у намінацыі «Дэбют» за вершы ў часопісе «Дзеяслоў». Пры ўручэнні ўзнагароду адзначыў: «Больш за ўсё ў мяне стаіць пытанне на тэму кахання. Гэтым я натхняюся». 19 сакавіка 2015 года прадставіў альбом «Рэпіт» з гуртам «Хурма» ў мінскім клубе «Джэк». 16 мая 2015 года выступіў на 15-м фестывалі «Маладзечна» ў якасці лідара гурта «Хурма». Увечары адыграў з гуртам у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску. Цягам больш як гадавой падрыхтоўкі гурт запісаў 9 з 10 песень да альбому «Рэпіт», восем з іх былі новымі. За папярэднія 3 гады ў гурце «Хурма» змянілася больш за 10 музыкантаў. У склад гурта ўваходзілі басіст Максім Ганціеўскі, бубнач Зміцер Рынейскі, спявак Аляксей Куляшоў і нязменны гітарыст Яўген Кунічкін. Асноўную частку вершаў Найдзёнаў запісваў на тэлефон у Мінскім метро. 22 чэрвеня 2015 года Дзмітрый Нікановіч прадставіў у відэачарце «Тузіна гітоў» кліп на песню «Ключы», якую напісаў Найдзёнаў. У ліпені 2015 года абнародаваў у часопісе «Дзеяслоў» чарговую цыкл вершаў. 19 кастрычніка 2015 года анансаваў выхад музычнага альбому «Рэпіт» гурта «Хурма» ў перадачы «Добрай раніцы, Беларусь!» на тэлеканале «Беларусь 1». 27 лістапада 2015 года ў складзе гурта «Хурма» прадставіў альбом «Рэпіт» у сталічнай «Пляцоўцы хол».
Увосень 2015 года выдаў зборнік 60 вершаў «Развітанцы», большасць старонак якога прысвяціў каханню. У рыфмах прыбягаў да складаных, скразных сугуччаў, а таксама шырока карыстаўся алюзіямі і метафарамі. У студзені 2016 года змясціў цыкл вершаў у часопісе «Маладосць». 23 сакавіка 2016 года на верш Найдзёнава «За табой» Вольга Сацюк і Зміцер Нікановіч выканалі кавер італьянскай песні Эраса Рамацоці і Шэр «Больш чым можаш» (італ. «Più Che Puoi»). Мікіта Найдзёнаў напісаў верш для конкурсу «Заспявай 3.0» у намінацыі «Беларускі пераклад». У маі 2016 года паведаміў: "рыхтуем новую песню на верш з «Развітанцаў», на якую будзем здымаць прыгожы кліп. Пра саму кнігу «Развітанцы» Недаверкаў адзначыў: «тут тое самае яркае і саспелае, што са мной адбывалася цягам 3-х гадоў, ранейшага няма. А наконт вокладкі — гэта буцінанка, зробленая Надзеяй Букай. Называецца „Не губляйце галавы“. Калі шчыра, то і цюльпаны, якія „не схаваю ў кватэры“, і танцы, і развітанне — усё ў гэтым вобразе». Урэшце паэт анансаваў: «Хутка можна будзе набыць электронную і аўдыёверсію зборніка ва ўсіх найбуйнейшых інтэрнэт-крамах і праз сайт kniharnia.by». 26 верасня 2016 года фонд «Вяртанне» і партал «Тузін гітоў» абралі Мікіту Найдзёнава пераможцам конкурсу «Заспявай 3.0» у намінацыі «Замежны пераклад» за кавер гіта Эраса Рамацоці. 6 снежня 2016 года выйшаў відэакліп на песню «Люк, я твой тата», якую Найдзёнаў прысвяціў адсутнасці бацькі ў сваім гадаванні. Галоўную ролю ў кліпе рэжысёра Арцёма Лобача выканаў магілёўскі хлопчык Іван Клімовіч.
На чэрвень 2018 года напісаў 20 песень. 12 чэрвеня 2018 года згадаў: «Са мной упершыню заспявалі па-беларуску Юзары, „Лайтсаўнд“, „Нутэкі“, Аляксей Грос. „Наві“ спявалі мой беларускі пераклад песні „1944“ Джамалы. Зараз гурт „Без Білета“ рыхтуе кавер на Эда Шырана ў маім перакладзе». 16 лютага 2019 года ў Вілейцы адбыўся «Спеўны сход», падчас якога ансамбль «Адэліта» мясцовай школы мастацтваў выканаў песні англійскага гурта «Бітлз» у перакладзе на беларускую Мікіты Найдзёнава. Агулам Найдзёнаў пераклаў 16 песень «Бітлз». 24 сакавіка 2019 года выступіў са сваімі вершамі ў грамадскай залы сабора Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку (ЗША) з нагоды святкавання Дня Волі. 11 жніўня 2019 года на 4-м «А-фэсце» ў Лошыцкім парку Мінска прадставіў музычную віктарыну «Сам-Шазам» па адгадванні мелодыі на падставе яе ўрыўку. 28 лютага 2020 года дуэт «Вел» выканаў на беларускім адборы на «Еўрабачанне» песню «Да відна», якую напісаў Найдзёнаў. З гэтай песняй «Вел» перамог на нацыяльным адборы.
У маі 2020 года Ганна Шаркунова і Зміцер Вайцюшкевіч заспявалі кавер на песню Лэдзі Гагі і Брэдлі Купера «Плыткі» (англ. «Shallow»). Тэкст для каверу напісаў Найдзёнаў. 14 студзеня 2021 года Зміцер Вайцюшкевіч прадставіў кліп на песню «Неверагоднасць», верш якой напісаў Найдзёнаў.
Крытыка
16 мая 2016 года паэт Андрэй Хадановіч у якасці журы конкурсу «Заспявай 3.0» выказаў захапленне песняй «За табой», напісанай Найдзёнавым: «у аўтара перакладу Мікіты Найдзёнава з калегамі выйшаў шыкоўны прадукт — хоць зараз запускай на беларускую эстраду і ўсе айчынныя тэлеканалы». 25 мая кіраўнік фонду «Вяртанне» Павел Бераговіч таксама пагадзіўся: «Канечне, цяжка змагацца ў намінацыі „Замежны пераклад“ з амаль бездакорным трыа Дзмітрыя Нікановіча, Вольгі Сацюк і Мікіты Найдзёнава».
Кніга
- Развітанцы. — Мінск: Кнігазбор, 2015. — 76 с. — (Кнігарня пісьменніка). — ISBN 978-985-7144-13-6.
Зноскі
Спасылкі
- У сацыяльных сетках: Фейсбук, У кантакце, Ціўцер, Ютуб
- Мікіта Найдзёнаў (нявызн.).Музычны партал «Тузін гітоў» (28 верасня 2019).
- Мікіта Найдзёнаў (нявызн.).Беларускі ПЭН-цэнтр (6 верасня 2021). (недаступная спасылка)
- Мікіта Найдзёнаў (нявызн.).Тэлеканал «Белсат» (28 верасня 2019).
- Павел Свярдлоў. «Культурная сядзіба»: Мікіта Найдзёнаў, які піша беларускую эстраду па-беларуску (нявызн.).«Еўрарадыё» (2 сакавіка 2020).