Mikhail Hryb
Quick Facts
Biography
Міхаіл Вячаслававіч Грыб (нар. 29 ліпеня 1980, Мінск, БССР, СССР) — беларускі службовец. Начальнік галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама з 29 кастрычніка 2020 года. Генерал-маёр міліцыі (2020).
Біяграфія
Скончыў Мінскую спецыяльную сярэднюю школу, Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Службу ў органах унутраных спраў пачаў у 1999 годзе ўчастковым інспектарам Цэнтральнага РУУС Мінска .
У 2006 годзе з пасады намесніка начальніка аховы грамадскага правапарадку Цэнтральнага РУУС Мінска пераведзены ў Мінскае РУУС на пасаду намесніка начальніка міліцыі грамадскай бяспекі і спецыяльнай міліцыі. У 2007 годзе стаў намеснікам начальніка Мінскага РУУС.
З 24 лютага па 25 жніўня 2011 года працаваў намеснікам начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УСС Мінскага аблвыканкама .
З 2011 па 2017 год працаваў намеснікам начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі — начальнікам упраўлення па грамадзянстве, пашпартнай працы і выезду за мяжу.
У маі 2017 года прызначаны намеснікам начальніка ГУУС Мінгарвыканкама — начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі.
З 28 сакавіка 2019 года па 30 кастрычніка 2020 года палкоўнік міліцыі Грыб працаваў начальнікам упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама . З 2019 года старшыня Віцебскай абласной арганізацыйнай структуры БФСТ «Дынама».
29 кастрычніка 2020 года прызначаны начальнікам галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама. На наступны дзень яму было прысвоена воінскае званне генерал-маёра міліцыі.
Узнагароды
- Ордэн «За службу Радзіме» III ступені.
- медаль «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку»;
- медаль «За бездакорную службу» ІІІ ступені;
- медаль «За бездакорную службу» ІІ ступені;
- медаль «За бездакорную службу» І ступені.
Санкцыі ЕС, ЗША і іншых краін
21 чэрвеня 2021 года Грыб быў уключаны ў Чорны спіс Еўрасаюза. Згодна з рашэннем Савета Еўрапейскага саюза экс-начальнік упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама і начальнік ГУУС Мінгарвыканкама нясе адказнасць за «дзеянні міліцыі, адпаведна ў Віцебскай вобласці да кастрычніка 2020 года і ў Мінску з кастрычніка 2020 года, уключаючы гвалтоўныя рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў і парушэнні права на мірныя сходы і свабоду слова», — сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі.
Таксама з 21 чэрвеня 2021 года Грыб знаходзіцца ў санкцыйным спісе спецыяльна прызначаных грамадзян і заблакіраваных асоб ЗША. Акрамя таго, Грыба ў свой санкцыйны спіс уключыла Швейцарыя, а 6 ліпеня да чэрвеньскага пакета санкцый ЕС далучыліся Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя.