Liudmila Hladkaya
Quick Facts
Biography
Людміла Леанідаўна Гладкая (руск.: Людмила Леонидовна Гладкая; нар. 30 чэрвеня 1983) — супрацоўніца газеты «СБ. Беларусь сегодня», прапагандыстка рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Біяграфія
Супрацоўнічала з Першым каналам дзяржаўнага Беларускага радыё, працавала аглядальніцай у часопісе «Милиция Беларуси» і ў газеце «На страже» МУС Беларусі, пісала для выдання «Союзное вече», дадатку да расійскага дзяржаўнага выдання «Российская газета». Потым працавала ў аддзеле журналісцкіх расследванняў «СБ. Беларусь сегодня» ў якасці спецыяльнага карэспандэнта.
Прапагандысцкая дзейнасць
Набыла вядомасць як адыёзная прапагандыстка аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года.
Асвятляла ў «СБ. Беларусь сегодня» масавыя пратэсты, якія адбываліся пасля выбараў і суправаджаліся беспрэцэдэнтным гвалтам прадстаўнікоў сілавых органаў супраць дэманстрантаў, у тым ліку забойствам некалькіх удзельнікаў пратэстаў. Прыпісвала пратэстам гвалтоўны характар. Займалася дыскрэдытацыяй і абразай пратэстоўцаў, у сваіх публікацыях прымяняючы да іх выразы як «руск.: откровенная мразь» («бел.: шчырая мярзота»). Займалася дыскрэдытацыяй беларускіх нацыяльных сімвалаў.
Асвятляла працэсы супраць Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі, у тым ліку намагаючыся дыскрэдытаваць Віктара Бабарыку і яго абарону і парушаючы рэгламент судовага пасяджэння.
Гладкая знаходзіцца пад санкцыямі Вялікабрытаніі (снежань 2021), Канады (сакавік 2022), ЕС (гл. Чорны спіс Еўрасаюза) і Швейцарыі (лета 2022).
Узнагароды
У снежні 2020 года атрымала прыз у расійска-беларускім конкурсе «Залаты зубр» «За мужнасць у журналістыцы».
У складзе аўтарскага калектыву ўзнагароджана Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2022) «за значны ўклад у развіццё беларускай журналістыкі, стварэнне цыкла публікацый па актуальных пытаннях грамадска-палітычнага жыцця краіны».