Jakub Fordon
Quick Facts
Biography
Якаў (Якуб) Марцінавіч Фардон (23 ліпеня 1808, Гродна — 26 кастрычніка 1888, Гродна) — беларускі архітэктар часоў Расійскай імперыі, які працаваў у Гродзенскай губерні. Калежскі асэсар.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і Марціна Фардона і Мар’яны Цыркоўні ў Гродне, меў братоў Юльяна, Караля і Мар’яггу. Каталік.
Скончыў Гродзенскую павятовую школу і вучыўся дзевяць гадоў у гродзенскага архітэктара. З 1829 года працаваў капіравальшчыкам у Беластоцкай абласной управе. З 1831 года быў памочнікам гродзенскага губернскага архітэктара. З 1833 года быў памочнікам архітэктара Беластоцкай вобласці. Між іншым, падрыхтаваў план разбураных кляштараў Беласточчыны. З 1836 года — зноў памочнік гродзенскага губернскага архітэктара.
27 лістапада 1858 года Якуб разам з дачкой Аляксандрай прынялі расійскае грамадзянства.
У 1862 годзе Якуб быў ужо асэсарам-саветнікам па будаўніцтве пры Гродзенскім магістраце. У 1864 годзе стаў начальнікам Мастацкага стала Гродзенскага губернскага праўлення. Пазней праектаваў жылыя дамы.
У 1876 годзе разам з Іванам Калянкевічам балаціраваўся на пасаду гродзенскага гарадскога архітэктара, аднак прайграў Калянкевічу.
Памёр у Гродне 26 кастрычніка 1888 года. Пахаваны на Фарных могілках.
Сям’я
Першыя два шлюбы скончыліся ўдаўством. Ад другога шлюбу з Міхалінай з Белаблоцкіх меў дачку Аляксандру Сабіну. Ад трэцяга шлюбу са шляхцянкай Феліцыяй Луковіч меў сына Мельхіёра Фардона, які стаў каталіцкім святаром.
Праекты
- Беларусь
- Абмерныя чарцяжы брамы скасаванага кляштара картэзіянцаў ў мястэчку Бярозе Пружанскага павета (9 жніўня 1871).
- Каштарыс на рамонт Свята-Сафійскай царквы ў вёсцы Страдзечы Брэсцкага павета (1842) — не захавалася.
- Праект і каштарыс на будоўлю могілкавай царквы ў мястэчку Наваельні Навагрудскага павета (25 чэрвеня 1863) — не захавалася.
- Праект каменнага дома Міхеля Бермана на вуліцы Жыровіцкай у Слоніме (1842) — не захаваўся.
- Праект касцёла Святога Крыжа ў горадзе Брэсце (26 верасня 1846).
- Праект касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла ў мястэчку Гожы Гродзенскага павета (1862).
- Праект манежа ў колішняй сялянскай клуні ў Гродне (1836) — не захаваўся.
- Праект моста праз Нёман у Гродне (1832) — не захаваўся.
- Праект Свята-Аляксандра-Неўскай царквы ў мястэчку Верцялішках Гродзенскага павета (3 красавіка 1843).
- Праект Свята-Мікалаеўскай царквы ў мястэчку Вялікай Бераставіцы Гродзенскага павета (24 чэрвеня 1858).
- Праект Свята-Мікалаеўскай царквы ў мястэчку Шарашове Пружанскага павета (1872).
- Праект прыбудовы званіцы і абліцоўкі Свята-Петра-Паўлаўскай царквы ў мястэчку Бярозе Пружанскага павета (1872).
- Праект фасада драўлянага дома Войцеха Крастовіча на вуліцы Апальманаўскай у Гродне (1842) — не захаваўся.
- Рамонт дома памешчыцы Шукевіч у горадзе Слоніме (4 студзеня 1837) — не захавалася.
- Рамонт Свята-Раства-Багародзіцкай царквы ў мястэчку Гудзевічах Гродзенскага павета (23 лютага 1873).
- Польшча
- Праект касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла у мястэчку Сухаволі Беластоцкага павета (1879).
- Праект Свята-Петра-Паўлаўскай царквы ў горадзе Семятычах Беластоцкага павета (11 кастрычніка 1845).
- Праект Свята-Успенскай царквы ў мястэчку Заблудаве Беластоцкага павета (1845).
Зноскі
Літаратура
- Юзаф Макарчык. I. Каляіны жыцця. // Слуга Божы А. Мельхіор Фардон францішканін (1862—1927) = Пераклад з польскай на беларускую Д. Бічэль-Загнетавай / навуковы кансультант кс. акадэмік д-р Юзаф Мандзюк. — Гродзенская дыяцэзія Рымска-каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь, 2007. — С. 7—8. — 67 с. — 3 000 экз.