Iryna Danilava
Quick Facts
Biography
Ірына Мікалаеўна Данілава (10 верасня 1951, г. Гомель) — беларускі мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Біяграфія
Скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут у 1976 годзе. У час вучобы ў інстытуце пазнаёмілася там з будучым мужам Арсенем Двараніным. У 1976-1979 гадах галоўны мастак вытворчага ткацкага аб’яднання «Чырвоны Кастрычнік» у г. Рэчыца. У 1981 годзе пара пераехала на радзіму Ірыны ў Гомель, дзе яны жывуць і цяпер. Выкладае ў Гомельскім дзяржаўным мастацкім каледжы
Член Беларускага саюза мастакоў з 1989 года.
Творчасць
Працуе ў тэхніцы габелену. Асноўныя работы (усе з мужам А. Двараніным): трыпціх «Раніца», «Поўдзень», «Вечар» (1986—1987), дыптых «Мой горад», «Маё Палессе» (1988—1990) для аэрапорта, «Музыка» (1990—1991), «Песня» (1991—1993), «Музыка і тэатр» (1994) для музычнай і мастацка-навуковай установы, «Песня пра зубра» (1995) для абласнога драматычнага тэатра — усе ў Гомелі, «Кветкавая кампазіцыя» (1996), «Палеская рапсодыя» (1998), серыя «Знакі задыяку» (1993-97) і інш. Стварыла таксама «Трава лугавыя» (2001), «Бурштынавы бераг» (2002), «Знак зямлі і вады», «Кветкі і яблыкі» (абодва 2011). Творчая манера адметная вытанчанасцю кампазіцыі, эмацыянальнай выразнасцю, паэтычным светаўспрыманнем.
Прымала ўдзел у абласных і рэспубліканкіх выставах, а таксама міжнародных — у Польшчы (1987), Францыі (Клермон-Феран, 1991).
Працы знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Палацава-паркавага ансамбля Румянцавых-Паскевічаў, краязнаўчага музея г. Рэчыца, Музея дыванаў г. Клермон-Феран (фр.: Musée du Tapis et des Arts Textiles), Пасольства Рэспублікі Беларусь у Бруселі, прыватных зборах розных краін.
Узнагароды
Узнагароджана сярэбраным медалём ВДНГ, дыпломам Саюза мастакоў Беларусі.
Сям’я
У шлюбе з мастаком Арсенем Двараніным.
Зноскі
Літаратура
- Т. Ф. Літвінава. Данілава Ірына Мікалаеўна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- А. Н. Коршак. Данилова Ирина Николаевна // Рэгіёны Беларусі: энцыклапедыя. У 7 т. = Регионы Беларуси: энциклопедия. В 7 т. (руск.). — Мн.: БелЭн. — ISBN 978-985-11-0463-1.