Gienadz Bankievich
Quick Facts
Biography
Гена́дзь Уладзіміравіч Банке́віч (15 мая 1930(1930-05-15), Вялікая Каўпеніца, Навагрудскае ваяводства — 6 ліпеня 2007(2007-07-06), Мінск) — вайсковец, грамадскі дзеяч Беларусі.
Член Сойма Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» (1989—2007) і Рады Таварыства беларускай мовы (2001—2007). Сузаснавальнік Беларускага згуртавання вайскоўцаў, якое ўзнікла ў адказ на Жнівеньскі путч 1991 года ў Маскве. Падпалкоўнік.
Біяграфія
У другой палове 1930-х гадоў навучаўся ў польскамоўнай школе, але выхоўваўся на беларускіх кніжках і вершах. Быў школьным сябрам бацькі паэта Міхала Уладзіміравіча Анемпадыстава. Пасля Другой сусветнай вайны паступіў у Ваенна-паветраную інжынерную акадэмію імя Жукоўскага ў Маскве (РСФСР). Пасля сканчэння ВНУ звыш 30 гадоў працаваў інжынерам ракетных войскаў Савецкай арміі ва Усходняй Германіі і Расіі. Выйшаў на пенсію ў званні падпалкоўніка.
У 1989 годзе ўступіў у Беларускі народны фронт «Адраджэньне» пры яго заснаванні і абраўся сябрам яго Сойма, у склад якога штораз перавыбіраўся. 28 верасня 1989 года быў абраны намеснікам старшыні Фрунзенскай раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы ў Мінску. 20 жніўня 1991 года стаў сузаснавальнікам Беларускага згуртавання вайскоўцаў, якое ўзнікла ў адказ на Жнівеньскі путч у Маскве. 8 верасня 1992 года на Дзень беларускай ваеннай славы ўдзельнічаў у прыняцці прысягі 3000-мі ваенных на вернасць Беларусі на плошчы Незалежнасці ў Мінску.
У 1993 годзе ўступіў у Партыю Беларускага народнага фронту. Ладзіў многія талокі ў Курапатах. Кіраваў дружынай Беларускага народнага фронту лікам звыш 1000 чалавек, якая ахоўвала вулічныя шэсці ад правакатараў гвалту. Таксама штогод ладзіў Чарнобыльскі шлях, Дзень Герояў у гонар Слуцкага збройнага чыну і крыжовы шлях у Чэрвені. 20 чэрвеня 1999 года быў абраны старшынёй Мінскай абласной арганізацыі ТБМ. 20 мая 2001 года на 7-м з’ездзе ТБМ абраўся сябрам яго Рады, у склад якой перавыбіраўся на 8-м і 9-м з’ездах 12 кастрычніка 2003 года і 30 кастрычніка 2005 года.