Feliks Mierzejewski
Quick Facts
Biography
Фелікс Янавіч (Іванавіч) Мержаеўскі (польск.: Feliks Mierzejewski; руск.: Феликс Иванович Мержеевский; 1785—1851) — дзяржаўны службовец.
Біяграфія
Паходзіў са шляхецкага роду Мержаеўскіх герба «Шэліга». Сын Яна Мержаеўскага.
У 1814 г. — на пасадзе сакратара, у 1819—1822 г. — сакратар цэнзурнага камітэта пры праўленні Віленскага ўніверсітэта, сакратар рады ўніверсітэта, тытулярны дарадца. Сябра Таварыства шубраўцаў (мянушка Антрымпас). Пад час следства над філарэтамі і філаматамі быў дзейным супрацоўнікам Навасільцава. Маршалак шляхты Магілёўскага павета.
Член масонскай ложы «Сябры чалавецтва» ў Гродне, майстар абрадаў, масон 3-й ст. у 1819—1820, ганаровы сябра ў 1821.
Пазней паралізаваны, памёр у адзіноце.
Сям’я
У шлюбе з Аглаідай Пятроўнай Завадоўскай (1799—1844), дачкой першага міністра народнай асветы Расійскай імперыі графа Пятра Васільевіча Завадоўскага і Верай Мікалаеўнай Апраксінай, адной з першых прыгажунь свайго часу. У шлюбе была адзіная дачка Марыя (1840—1907), якая стала жонкай маршалка шляхты Суражскага павета Івана Сцяпанавіча Лістоўскага (1831—1912). Аглаіда пахавана на Машэкаўскіх могілках у Магілёве.
Пяру Лістоўскага належыць біяграфія П. В. Завадоўскага, апублікаваная ў часопісе «Рускі архіў» у 1883 годзе. У Лістоўскіх было два сыны і дзве дочкі. Большую частку часу сям’я пражывала ў сяле Ушчэрп’е Суражскага павета, якое дасталася ў спадчыну Марыі Феліксаўне. Сын Лістоўскіх, Сяргей Іванавіч (1875—1922 гг.), вядомы тым, што заснаваў ва Ушчэрп’і абшчыну паслядоўнікаў Л. М. Талстога.
Зноскі
Літаратура
- Швед, В. В. Мержэеўскі Фелікс Янавіч // Масоны і ложы на землях Беларусі (канец XVIII — першая чвэрць XIX ст.) : біябібліягр. слоўн.. — Гродна: ГрДУ, 2007. — 275 с. — ISBN 978-985-417-866-0.