Aleksandr Markovitsj Rabtsevitsj
Quick Facts
Biography
Аляксандр Маркавіч Рабцэвіч (14 сакавіка 1898, вёска Лазовая Буда, Кіраўскі раён, Магілёўская вобласць — 11 красавіка 1961, Мінск) — Герой Савецкага Саюза.
Біяграфія
У канцы 1916 г. Аляксандр Маркавіч прызываецца ў царскую армію і залічваецца ў вучэбную каманду 190-га палка, які размяшчаўся ў Клязьме Маскоўскай вобласці. У ліпені 1917 г. ён адпраўляецца ў маршавую роту на Заходні фронт Баранавіцкага напрамку радавым 6-га грэнадзерскага Таўрычскага палка.
У гады грамадзянскай вайны ён дабравольна ўступае ў рады Чырвонай Арміі і накіроўваецца на курсы камандзіра ў Маскву. Закончыўшы курсы, А. М. Рабцэвіч накіроўваецца ў штаб Заходняга фронту, а пазней — у тыл белапалякаў для арганізацыі партызанскіх атрадаў і дыверсій у тыле ворага.
З 1924 па 1937 гг. Рабцэвіч працуе на розных пасадах Качэрыцкага рэўкома і Бабруйскага павета. Некаторы час быў старшынёй калгаса «Качэрычы». З утварэннем Кіраўскага раёна ён узначальваў раённае добраахвотнае таварыства «Асавіяхім».
З 1937 г. накіроўваецца ў Іспанію і становіцца камандзірам атрада асобага назначэння. За праяўлены гераізм і адвагу ён узнагароджваецца ордэнам Чырвонай Зоркі. Вярнуўшыся з Іспаніі Рабцэвіч узначальвае райздраўаддзел, а потым у 1939 г. накіроўваецца ў Брэст, дзе яго і застала Вялікая Айчынная вайна. Камандзір роты асобнай мотастралковай дывізіі. Пасля разгрому немцаў пад Масквой Аляксандр Маркавіч арганізоўвае дыверсійны партызанскі спецатрад НКДБ БССР «Храбрацы» з 14 чал. 30 чэрвеня 1942 г. паветраным дэсантам высаджваецца ў тыле ворага ля станцыі Злынка Арлоўскай вобласці. На тэрыторыі Жлобінскага, Рагачоўскага, Акцябрскага (у в. Ражанаў знаходзілася база атрада), Жыткавіцкага, Калінкавіцкага, Мазырскага, Петрыкаўскага, Асіповіцкага, Бабруйскага, Быхаўскага, Косаўскага, Лунінецкага, Лагішынскага, Пінскага раёнаў атрад правёў 218 дыверсій, у выніку якіх пушчаны пад адхон 91 эшалон, падарваны 73 цягнікі, 23 бронемашыны, браняпоезд, 102 аўтамашыны, 5 мастоў, разгромлены 2 гарнізоны нямецкіх акупацыйных улад.
За паспяховае выкананне заданняў у тылу ворага Аляксандру Маркавічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза (5 лістапада 1944 г.). Пасля вайны доўгі час быў загадчыкам райздраўаддзела. За ўсе баявыя справы Рабцэвіч узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам Чырвонага Сцяга, ордэнам «Айчыннай вайны 2-ой ступені», медалямі «Партызану Айчыннай вайны», «За баявыя заслугі», «За абарону Масквы», «За ўзяцце Кенісберга» і інш.
У пасляваенныя гады працаваў у органах дзяржаўнай бяспекі ў Мінску. Яго імем названы вуліцы і завулак у горадзе Кіраўску і в. Мышкавічы.
Пахаваны на Вайсковых могілках Мінска.
Зноскі
Літаратура
- Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Кіраўскага раёна. Мн.: Выш. шк., 1997. С. 129, 241, 242, 408.
- Рабцэвіч Аляксандр Маркавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 36—37. — ISBN 985-11-0214-8.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 189. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (Т. 13).