Міхаіл Фядотавіч Жаўрыд (1906, в. Малая Сліва, Слуцкі павет — да 1991, Мінск) — беларускі вучоны, выкладчык, дзяржаўны дзеяч.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў Мінскі педагагічны тэхнікум (1926). У 1927 годзе паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1929 г. перавёўся на сацыяльна-эканамічны факультэт Педагагічнага інстытута, які скончыў у 1932. З 1926 па 1930 гады працаваў у Мінскім акружным аддзеле адукацыі. У 1930—1933 гадах быў выкладчыкам і дырэктарам Мінскага будаўнічага тэхнікума, у 1933 г. пераведзены на працу ў Мінскі Гідратэхнікум. У 1935 годзе дырэктар Цэнтральнага інстытута павышэння кваліфікацыі кадраў народнай адукацыі. З 1936 года працуе ў Мінскім педагагічным інстытуце імя М. Горкага дэканам геаграфічнага факультэта і намеснікам дырэктара. У 1940 годзе паступіў у аспірантуру БДУ, падрыхтаваў дысертацыю па тэме «Размяшчэнне прамысловасці Магілёўскай вобласці БССР», але абараніць яе не паспеў. З пачаткам вайны быў эвакуіраваны ў Саратаўскую вобласць, дзе працаваў у школе настаўнікам геаграфіі. У 1943 г. быў накіраваны на станцыю Сходня каля Масквы для працы у адноўленым БДУ, дзе выконваў абавязкі старэйшага выкладчыка і загадчыка Фундаментальнай бібліятэкі БДУ. Пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі ў сакавіку 1944 быў накіраваны на працу дырэктарам Мазырскага педагагічнага інстытута, з чэрвеня 1944 дырэктарам Мінскага педінстытута. У маі 1945 года быў прызначаны намеснікам Міністра народнай асветы БССР, у сакавіку 1948 года дырэктарам Мінскага педагагічнага інстытута замежных моў, сыйшоў з пасады дырэктара ў 1961 годзе. Паўторна падрыхтаваў і абараніў дэсертацыю. Кандыдат эканамічных навук, дацэнт. З 1953 па 1962 год — загадчык кафедры палітэканоміі Інстытута замежных моў, адначасова выкладаў у БДУ.
Узнагароды
Узангароджаны медалем «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», двойчы ордэнам «Знак Пашаны» (1949, 1961).
Зноскі
Літаратура
- Жаврид, М. Ф. Белорусское стекло / М. Ф. Жаврид. — Минск : Наука и техника, 1969
- Новікаў, С. Я. Ля вытокаў стварэння мінскага МДЛУ / С. Я. Новікаў // Вестник Минского государственного лингвистического университета : Вестник МГЛУ : научно-теоретический ежегодник. — 2012. — № 11. — С. 219—223.
Спасылкі