Biography
Lists
Also Viewed
Quick Facts
Places | Poland | ||||||||
is | Musician Violinist Civil servant | ||||||||
Work field | Music Politics | ||||||||
Gender |
| ||||||||
Birth | 5 August 1774 | ||||||||
Star sign | Leo | ||||||||
Family |
| ||||||||
Awards |
|
Biography
Людвік Міхалавіч Ракіцкі (5 жніўня 1774 — каля 1828) — грамадскі дзеяч, буйны землеўласнік Расійскай імперыі і Беларусі, мінскі губернскі маршалак (1811—1814).
Паходжанне і сям'я
Людвік Міхалавіч Ракіцкі належаў да шляхецкага роду герба «Равіч» («Урсын»), унесенага 16.07.1826 у 5-ю частку дваранскай радаводнай кнігі Мінскай губерні і названага «графскім», але не зацверджанага Сенатам у графскай годнасці. На працягу жыцця карыстаўся графскім тытулам.
Нарадзіўся ў сям’і Адама Міхала і Марыі Юзэфы з роду Аскеркаў Ракіцкіх. 5 жніўня 1774 г. ахрышчаны «толькі з вады» (ex aqua solum) грэка-уніяцкім святаром Пракопіем Шумскім, парохам Ручаёўскай царквы, а 11 ліпеня 1775 года з усімі ўжо касцёльнымі цырымоніямі — айцом Эгідыюшам Піятроўскім, вікарыем Астраглядавіцкага парафіяльнага касцёла.
У першым шлюбе з графіняй Ганнай роду Броэль-Плятэраў (каля 1780 — 26.01.1799), дачкой графа Яна Янавіча-Людвікавіча Броэль-Плятэра (1759 — 01.03.1789), уладальніка спадчынных маёнткаў Дусяты і Вялікія Галоты Віленскага ваяводства. Памерла ад пасляродавай гангрэны, пахавана на могілках пры базыльянскім кляштары ў Сяльцы Рэчыцкага павета. Дачка ад першага шлюбу — «адзінае дзіця і адзінае суцяшэнне бацькі»:
- графіня Тэкля Людвікаўна Ракіцкая (03.01.1799, маёнтак Гарадзішча Рэчыцкага павета — 06.01.1860, маёнтак Хойнікі Рэчыцкага павета). Муж: Уладзіслаў Карлавіч Прозар (13. VI. 1793, Хойнікі — студзень 1862, Хойнікі), рэчыцкі павятовы падкаморы (1826—1829), уладальнік маёнтка Хойнікі. Шлюб 20 жніўня 1818 г.
У другім шлюбе з Карнеліяй з роду Прозараў, дачкой Ігната Прозара, генерал-маёра войскаў ВКЛ.
Запіс хросту Людвіка Ракіцкага ручаёўскім уніяцкім і астраглядавіцкім рыма-каталіцкім святарамі.
Патэнт Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу на пацверджанне шляхецкага паходжання Людвіка Ракіцкага. 7 жніўня 1805 г.
Запіс хросту Тэклі Ракіцкай у метрычнай кнізе Астраглядаўскага касцёла. 4 студзеня 1799 г.
Запіс хросту Тэклі Юзафаты Антаніны Ракіцкай у кнізе царквы Сялецкага кляштара базыльянаў. 5 студзеня 1799 г.
Адукацыя
Выпускнік кадэцкага корпуса.
Службовая дзейнасць
У 1793 г. пасланец польскага караля ва Упіцкім павеце, з 1797 г. дэпутат ад Рэчыцкага павета для раскладкі земскіх павіннасцей, з 1799 па 01.09.1802 г. старшыня 2-га дэпартамента Мінскага галоўнага суда (зацверджаны імператарам на пасадзе 27.10.1800), з 1 верасня 1802 па верасень 1811 г. рэчыцкі павятовы маршалак (выбіраўся на тры 3-годдзі запар), з верасня 1811 па 28 верасня 1814 г. мінскі губернскі маршалак, стацкі саветнік (03.06.1812), на 24.06.1816 г. пражываў у фальварку Гарадзішча Рэчыцкага павета, на 1822—1824 гг. ганаровы наглядчык вучылішчаў Рэчыцкага павета.
Захапленне музыкай
Сам таленавіты скрыпач, вучань італьянскага музыканта і кампазітара Джавані Батысты Віёці, Людвік Ракіцкі стварыў у двары Гарадзішча аркестр з 40 музыкантаў, дзе выконваў ролю першай скрыпкі. Пад кіраўніцтвам запрошанага ў 1814 г. кампазітара, дырыжора і педагога Юзафа Дашчынскага той аматарскі аркестр дасягнуў вельмі высокага ўзроўню, бліскуча выконваў сімфоніі Гайдна, Моцарта і Бетховена. Канцэрты пад кіраўніцтвам Юзафа Дашчынскага, на якія з’язджаліся слухачы з розных куткоў Беларусі, праводзіліся не толькі ў маёнтку Людвіка Ракіцкага, але таксама ў Мінску і даволі часта з дабрачыннымі мэтамі. У гэтых канцэртах упершыню ў Беларусі прагучалі оперы А. Сальеры «Аксур, цар Армуза» і Ф. Буальдзьё «Белая дама».
Масонства
Член масонскай ложы «Паўночнага шэсця пад паўночнай зоркай» у г. Мінску, на 1820 г. быў членам ложы 1-й ст.
Маёнтак
На 25.10.1795 г. валодаў разам з братам Рафалам Алаізам добрамі Брагін Рэчыцкага павета Чарнігаўскай губерні; з 27.08.1799 г. стаў уласнікам Ялчанскага і Гарадзішчаўскага ключоў, фальваркаў Пучын, Крыўча, Макрэц, Удалёўка і Вуглы Рэчыцкага павета (усяго на 1800 г. — 11220 душ прыгонных абодвух палоў; на 10.08.1815 г. — 2781 душа прыгонных мужчынскага полу).
Узнагароды
Камандор Ордэна Св. Іаана Іерусалімскага (21.01.1810); кавалер Ордэна Св. Ганны 2-й ст.
Заўвагі
Зноскі
Літаратура
- РОКИЦКИЙ Людвиг Михайлович // Минские губернаторы, вице-губернаторы и губернские предводители дворянства (1793-1917) : биографический справочник / сост. Ю.Н. Снапковский; редкол.: В.И. Адамушко [и др.]. — Минск: Беларусь, 2016. — 398 с. — ISBN 978-985-01-1200-2.
- Раюк, А. Р. Атон Ігнатавіч Горват (1809—1894): адміністратар і гаспадар / А. Р. Раюк // Веснік Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова. Сер. А. Гуманіт. навукі (гісторыя, філасофія, філалогія). — 2021. — Вып. 2. — С. 24—28.
- Раюк, А.Р. Лёс і погляды мінскага губернскага прадвадзіцеля дваранства (1863–1877) Яўстаха Прушынскага на этнаканфесіянальную сітуацыю ў Беларусі / А.Р. Раюк // Беларуская этнаграфія, этналогія і антрапалогія : зб. навук. артыкулаў. — Мінск : Бел. навука, 2022. — Вып. 1. — С. 79—89.
- Раюк, А. Р. Нефармальныя сувязі паміж дваранствам Мінскай губерні ў 1795—1863 гг. / А. Р. Раюк // Гісторыя і грамадазнаўства. — 2020. — № 1. — С. 58—63.
- Раюк, А. Р. Нефармальныя сувязі паміж губернскім дваранствам у Беларусі ў 1795—1863 гг. / А. Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фалькларыстыкі / Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нац. акад. навук Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2008. — Вып. 4. — С. 406—412.